Каля сотні футбалістаў беларускай вышэйшай і першай ліг, а таксама беларусы, якія гуляюць за мяжой, выступілі з відэа «Мы супраць гвалту».

«Мы запісалі гэта відэа, таму што не можам маўчаць! Маўчаць, калі б'юць нашых людзей, сяброў, калег. Мы футбалісты з розных каманд, але адной краіны. Мы кіруемся толькі сумленнем і нецярпімасцю да ўсяго таго, што адбываецца ў нашай краіне. Мы выказваем спачуванні родным тых, хто быў забіты, хочам выказаць словы падтрымкі ўсім тым, хто пацярпеў, быў прыніжаны, жорстка збіты і скалечаны. І заклікаем: спыніце гвалт!» — гаворыцца ў звароце.

Пад ім падпісаліся многія футбалісты зборнай: Станіслаў Драгун, Павел Няхайчык, Максім Бардачоў, Андрэй Хачатуран і іншыя.

«Наша Ніва» звязалася з чалавекам, які арганізаваў гульцоў вышэйшай лігі для звароту. Гэта дастатакова аўтарытэтны ў Беларусі футбаліст, але ён вырашыў не называць сваё імя. Па-першае, ён лічыць не дужа прыгожым піярыцца ў такой сітуацыі. Па-другое, кіраўніцтва федэрацыі футбола пагражае яму праблемамі.

«Не трэба казаць, што я быў. Многія хлопцы хацелі выказацца. Мы, футбалісты, усе ведаем адно аднаго, стасуемся. Людзі запісаліся самі, добраахвотна. Так, прамову прыдумалі мы з жонкай, яна адкарэктавала яе. У нас была група, у яе дадавалі людзей, гэта і стала касцяком».

Праз нейкі час даведаліся, што падобная ініцыятыва ёсць таксама ў гульцоў першай лігі. Там арганізацыяй займалася былая прэс-сакратарка клубаў «Ліда» і «Смаргонь» Аляксандра Нікітушкіна. Было вырашана аб’яднаць намаганні.

Шмат пытанняў выклікае, чаму ў гэтым відэа не зняліся гульцы мінскага і брэсцкага «Дынама».

«Хлопцы з «Дынама» (Мінск) былі ў нашай групе, але ўсе сталі адмаўляцца. Відаць, іх запалохалі нейкімі мерамі, звальненнямі, можа быць. Яны не рашыліся, можна так сказаць. Мінімум тры чалавекі планавалі зняцца», — расказвае наша крыніца.

Што тычыцца «Дынама» (Брэст), то там сітуацыя больш складаная. Адзін з лідараў каманды Павел Савіцкі заявіў, што не чуў пра такую ініцыятыву, а так бы ўпісаўся, як і некаторыя іншыя гульцы.

«Я асабіста ў Брэсце з адным чалавекам размаўляў, але ён сышоў з гэтай тэмы. Сказаў, што ў яго ёсць пэўныя сямейныя праблемы, з ім размаўляць сэнсу не было. Цяпер яны пакрыўдзіліся? Калі звольнілі Хамутоўскага (трэнер брамнікаў брэсцкага «Дынама», які не хаваў сваю палітычную пазіцыю — «НН»), то чаму маўчалі? Калі вы хацелі нешта сказаць, то вам трэба было ўжо тады сказаць, як мне здаецца. Мы ж не будзем іх прымушаць».

Ёсць сведчанні, што пад ціскам адмовіліся ад удзелу ў роліку гульцы «Віцебска» і «Белшыны» — ім таксама, хутчэй за ўсё, пагражалі дысцыплінарнымі мерамі.

«У «Руху» прэсуюць хлопцаў, якія зняліся», — кажа футбаліст.

Затое супраць гвалту выказаліся амаль усе лідары БАТЭ. Па інфармацыі «НН», кіраўніцтва клуба было не ў захапленні ад такой ідэі, але нічога зрабіць было не ў стане.

«У БАТЭ хлопцы больш смелыя і незалежныя. Яны згадзіліся. Я ў гэтым відэа нічога такога не бачу, але ў нас цяпер жа ўсё перапыняецца і караецца», — расказвае крыніца «НН».

Як увогуле паўстаў зварот?

«Была ініцыятыва аднаго былога гульца зборнай, ён сабраў кантакты капітанаў каманд, але нешта там справа не пайшла. Таму ўзяліся за справу самі. Мы хацелі, каб наш зварот пачулі ў МУС, у іншых органах, якія прымаюць рашэнні. Футбалістам няпроста ў гэтай сітуацыі: маўчыць АБФФ, маўчаць кіраўнікі клубаў. У нас няма ніякага прафсаюза, было б добра, каб ён існаваў. Былі спробы яго стварыць, але ўсё спынялася».

Наш суразмоўца падкрэслівае, не варта думаць, што футбалісты застаюцца ў баку ад падзей у краіне. «Шмат хто з футбалістаў пераводзіць грошы ў фонды дапамогі, але не крычыць пра гэта. Робіць ціха», — расказалі «НН».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?