Беларусь ня будзе за бясцэнак прадаваць нацыянальныя прадпрыемствы, у тым ліку «Белтрансгаз». Такую заяву зрабіў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў часе выступу на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасьці, перадае радыёстанцыя «Эхо Москвы».
Паводле ягоных слоў, Беларусь ня супраць падзяліцца прадпрыемствам з «Газпромам», але за бясцэнак яго ніхто ня мае права прадаваць, нават прэзыдэнт. «Трэба плаціць рынкавую цану», - адцеміў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Нагадаем, што ў гутарцы з журналістамі ў Менску ў траўні першы віцэ-прэм'ер ураду рэспублікі Уладзімер Сямашка заявіў, што Беларусь згодная абмяняць палову акцый «Белтрансгазу» на акцыі здабывальных кампаній РФ. Паводле ягоных слоў, Беларусі неабходна акцый столькі, каб здабываць у Расеі 10-12 мільярдаў кубамэтраў газу і «гарантаваць сабе пастаўкі адносна таннага газу». Ён таксама адзначыў, што цяпер ідуць перамовы з расейскім бокам па гэтым пытаньні, і яны «праводзяцца ў спакойнай атмасфэры».