А да гэтага абклейвалі дзверы ўлёткамі з калабарантамі.

Фота з інстаграма Ганны Губанавай

Фота з інстаграма Ганны Губанавай

Ганна Губанава разам з сям’ёй жыве ў славутым «доме пад шпілем» на скрыжаванні вуліц Камуністычнай і Чырвонай у Мінску. Гэты дом знаходзіцца якраз насупраць Генеральнага штаба УС Рэспублікі Беларусь. Пра тое, што ім даводзіцца трываць, расказвае сама Ганна Губанава.

Такімі ўлёткамі абклейваюць дзверы сям'і Ганны і Арцёма

Такімі ўлёткамі абклейваюць дзверы сям'і Ганны і Арцёма

«На балконе ў мяне вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Раней вісеў чырвоны сарафан на белай прасціне, дык яго здымалі кручком. Гэты кручок у мяне застаўся: парваўся дрот, і кручок застаўся вісець на прасціне.

Калі ў нас вісеў сцяг, то а 3-й ночы мы неяк прачнуліся ад груку: зверху спускаўся чалавек, які застаўся вісець насупраць нашага акна. Муж падарваўся, пытаецца: «Што ты робіш?» Ён кажа, што рамантуе ліхтар, муж адправіў рамантаваць знізу.

Увесь мінулы тыдзень на дзвярах кватэры клеілі пачварныя пасланні з кадрамі Другой сусветнй вайны, дзе стаяць людзі пад бел-чырвона-белымі сцягам. І пад гэтымі фоткамі звярталіся да мяне і майго мужа: «Ганна і Арцём, такой будучыні вы жадаеце сваім дзецям?» У мінулую пятніцу нават згадалі маё старэйшае дзіця. «Алег ужо дарослы, ці такой будучыні ён для сябе хоча?» Калі што, то Алегу шэсць гадоў.

У суботу-нядзелю ў гэтых людзей, мабыць, быў выхадны, але ў панядзелак раніцай дзверы размалявалі чырвонай і зялёнай фарбамі. Я, вядома ж, напісала заяву ў міліцыю. І гэтую ноч на дзвярах зноў з’явіліся ўлёткі. Такі вандалізм не спыняецца. У мяне мастацкая адукацыя, я скажу, што яны няправільна абралі фарбу і на цёмных дзвярах яна была амаль не бачная і добра адмылася растваральнікам.

Што тычыцца суседзяў, то яшчэ да ўсіх гэтых падзей я актыўна з ім камунікавала, мы хацелі ўсталяваць шлагбаум, рашалі іншыя бытавыя пытанні. Я ведаю кожнага суседа па імені, па імені дзяцей, па імені сабачкі. І я вельмі здзіўлюся, калі гэта нехта з іх.

Мы збіраемся ўсталяваць камеру — гэта пытанне часу. Але дадзеныя паводзіны абсалютна маргінальныя. Калі абарона чырвона-зялёнай сімволікі патрабуе такіх дзеянняў, то гэта звычайны вандалізм. Мяне гэта, канечне, нервуе і троху палохае, але свой сцяг здымаць я не збіраюся».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?