У Магілёве асудзілі ўдзельніцу Маршу герояў Ірыну Пятрову, якая з акцыі пратэсту несла 30-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг. Яе пакаралі штрафам у 405 рублёў, піша «Свабода».

Да суду жанчыну двое сутак трымалі ў ізалятары. Суд адбыўся праз скайп зь Ленінскага аддзелу міліцыі. Паведамленьня пра працэс на дошцы аб’яваў суду, які разглядаў справу Пятровай, не было.

Перашкаджала іншым грамадзянам адпачываць

На «Маршы герояў» 13 верасьня прыхільнікі пераменаў прайшлі з 30-мэтровым бел-чырвона-белым сьцягам праз усе цэнтральныя вуліцы Магілёва. Ім затулялі аўтазакі, што суправаджалі калёну, якая налічвала да 3 тысяч чалавек.

Як кажа Ірына Пятрова, за ёй пільнаваў супрацоўнік у міліцыі ў цывільным, які знаходзіўся разам з пратэстоўцамі, а пасьля заканчэньня акцыі пратэсту, калі яна засталася адна, яе затрымалі. Пятрова кажа, што ўзяла сьцяг дамоў, «каб замыць пляміны». У міліцыі яго забралі.

На жанчыну склалі тры пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Іх аб’ядналі ў адну справу. Для разгляду Пятрову даставілі з ізалятару ў Ленінскі аддзел міліцыі, зь якога дыстанцыйна і судзілі. Доказам віны было відэа, на якім жанчына трымаецца разам з групай грамадзян за сьцяг.

Ірына Пятрова адзначае, што на разглядзе справы ёй сказалі, што судзяць яе за тое, што разам зь іншымі грамадзянамі хадзіла па вуліцах і перашкаджала адпачываць іншым грамадзянам выгукваньнем лёзунгаў.

Ціск і абразы ў міліцыі

Ірына кажа, што ў міліцыі двое супрацоўнікаў спрабавалі на яе псыхалягічна ціснуць. Адзін зь іх казаў, што на пратэсьце ня бачыў «прыстойных людзей, толькі такіх, што стаяць пад крамаю».

Палохалі тым, што ў наступны раз, калі затрымаюць, то прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Па словах жанчыны, супрацоўнікі даводзілі ёй, што «ім брыдка дакранацца сьцяга».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?