Галоўныя кампаніі Беларусі працягваюць назапашваць велізарныя даўгі. У 2020 годзе гэты працэс толькі паскорыўся, піша banki24.by. На 1 жніўня сукупныя запазычанасці буйных і сярэдніх прадпрыемстваў краіны склалі 148,4 млрд BYN. Паводле студзеньскага прагнозу Мінэканомікі ВУП Беларусі за год можа скласці 143,5 млрд BYN. Такім чынам, даўгі кампаній-флагманаў ужо цяпер большыя за памер эканомікі.

З пачатку года сумарныя даўгі павялічыліся на 11,7%. Пры гэтым за ўвесь 2019 год рост складаў 7,4%, за 2018-ы — 10,7%.

Сярод запазычанасцяў кампаній шмат валютных крэдытаў і пазык. Атрымліваецца, што за кошт дэвальвацыі рубля абавязальніцтвы прадпрыемстваў растуць значна хутчэй, чым раней. У жніўні «зайчык» зноў абясцэніўся да кошыка валют Нацбанка. Таму на 1 верасня хутчэй за ўсё будзе пабіты гістарычны рэкорд па суме запазычанасці.

Сумарныя запазычанасці — гэта сума абавязальніцтваў па крэдытах і пазыках і крэдыторкі. Пазыкі ў крэдытах і пазыках на 1 жніўня склалі 90,1 млрд BYN (+15%), крэдыторка — 58,3 млрд BYN (+7%). У тэрытарыяльным разрэзе больш за ўсё запазычылі арганізацыі Мінска (41,7 млрд BYN).

Амаль палову запазычанасцяў краіны на 1 верасня канцэнтравалі прадпрыемствы прамысловасці (71,3 млрд BYN), у тым ліку горназдабыўной — 2,6 млрд BYN, апрацоўчай — 63,2 млрд BYN, энергетыкі — 5,2 млрд BYN. Сумарныя даўгі прамысловасці з пачатку года павялічыліся на 9,6%.

Сярод галін апрацоўчай прамысловасці па аб'ёме доўгу лідзіравалі харчпрам (11,6 млрд BYN), дрэваапрацоўка і цэлюлознікі (9,8 млрд BYN), а таксама машынабудаванне (7,6 млрд BYN). За межамі прамысловасці істотныя абавязальніцтвы мелі сельская гаспадарка (15 млрд BYN), будаўніцтва (18,6 млрд BYN), гандаль (17,4 млрд BYN).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0