Нацыянальны банк Беларусі не плануе пераглядаць калідор ваганняў кошту кошыка замежных валют.

Пра гэта паведаміў 30 красавіка на прэс-канферэнцыі старшыня праўлення Нацбанка Пётр Пракаповіч.

Паводле яго інфармацыі, курс беларускага рубля да кошыка замежных валют утрымліваецца ў межах 5-працэнтнага калідора ваганняў, што дапускаюцца на 2009 год. З гэтага года Нацбанк пачаў ажыццяўляць прывязку беларускага рубля да кошыка з трох валют — долара ЗША, еўра, расійскага рубля. Курс беларускага рубля да кошыка валют склаў 960 рублёў на 1 красавіка, як і на 2 студзеня.

"Плюс-мінус 5% — гэта тая гарантыя стабільнасці курсу нацыянальнай валюты, якая будзе на працягу года. Ніякіх адступленняў або перагляду ў той ці іншы бок не будзе", — падкрэсліў Пракаповіч.

"Мы не прымаем парады, якія нам даюць, што трэба павялічыць дэвальвацыю, пашырыць калідор да 10—15%. Рашэнне, прынятае 2 студзеня, найбольш прымальнае ў гэтых умовах. Калідор плюс-мінус 5% мы пераглядаць не будзем", — заявіў кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, у Нацбанку разлічваюць утрымліваць калідор ваганняў у другім квартале ў межах плюс-мінус 1%. "У трэцім, чацвёртым кварталах будзем глядзець у залежнасці ад сітуацыі", — зазначыў галоўны банкір краіны.

Пётр Пракаповіч таксама заявіў, што Нацбанк у трэцім квартале гэтага года можа пачаць зніжэнне стаўкі рэфінансавання.
Ён патлумачыў, што гэта будзе магчымым пры дасягненні сярэднямесячнага ўзроўню інфляцыі ў межах аднаго працэнта супраць двух працэнтаў у сярэднім за месяц у першым квартале.

Цяпер стаўка рэфінансавання ў Беларусі складае 14% гадавых. Стаўка рэфінансавання — працэнтная стаўка, пад якую цэнтральны банк краіны выдае крэдыты камерцыйным банкам. Яна вызначае ўсе астатнія стаўкі працэнтаў у эканоміцы, адбіваецца на стаўленні насельніцтва да зберажэнняў і інвестыцый. Частата змянення стаўкі рэфінансавання залежыць ад тэмпаў інфляцыі і мэтаў грашова-крэдытнай палітыкі, што праводзіцца ўрадам і цэнтральным банкам.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0