У судзе Драгічынскага раёна 16 верасня прайшло пасяджэнне па справе карэспандэнта «Першага рэгіёна» Сяргея Гардзіевіча. На яго быў складзены пратакол за абразу па заяве аднаго з каментатараў вайбер-чата. 

У матэрыялах справы ёсць даведка ад 9 верасня, падпісаная ўчастковым інспектарам міліцыі Драгічынскага РАУС, капітанам міліцыі Ігарам Кабрынцом. У ёй паведамляецца:

«Гр-н Гардзіевіч Сяргей Андрэевіч, 22.06.1971 г/н, (адрас пражывання) ад яўкі ў Драгічынскі РАУС адмовіўся ў катэгарычнай форме, матываваўшы гэта тым, што ён адмаўляецца стасавацца з супрацоўнікамі Драгічынскага РАУС.

Па наяўнай аператыўнай інфармацыі дадзены грамадзянін з'яўляецца актыўным удзельнікам боку, які змагаецца супраць дзейнай улады».

Ці адмаўляўся журналіст ад яўкі ў міліцыю? Не. Сяргей Гардзіевіч адмовіўся з'яўляцца ў міліцыю па запрашэнні па тэлефонным званку. Пра гэта нават накіроўваў у пачатку жніўня электронную скаргу ў РАУС.

Змест даведкі пракаментаваў юрыст Алег Агееў: «Гэта глупства, якое заслугоўвае ўключэння ў зборнік анекдотаў пра супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Такая даведка ніякіх правых наступстваў у фармулёўках пра аператыўную інфармацыю не спараджае (прынамсі, не павінна спараджаць)».

Надзвычай рэдкі дакумент Сяргей Гардзіевіч змясціў у рамачку і павесіў на сцяну.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0