Сяргей Дылеўскі — лідар стачкама МТЗ. Пасля выбараў ён арганізаваў забастоўку на адным з найбуйнейшых заводаў Мінска. Потым Сяргей увайшоў у прэзідыум Каардынацыйнай рады.

У канцы жніўня Дылеўскі быў асуджаны спачатку на 10 сутак, а пасля яшчэ на 15 сутак арышту. Разам з ім адначасова судзілі і Вольгу Кавалькову.

Аднак Кавалькова з’ехала за мяжу, Дылеўскі ж пасля 25 сутак выйшаў на волю.

Сяргей Дылеўскі. Фота tut.by

«Наша Ніва»: Якія ўражанні пакінулі 25 сутак, што вы правялі ў зняволенні?

Сяргей Дылеўскі: Калі нехта быў на строгім рэжыме ў турме, то цудоўна мяне зразумее, што там і як.

«НН»: Фізічную сілу супраць вас прымянялі?

СД: Дзякуй Богу, што не. Увогуле скажу, што ў Жодзіне ставіліся цалкам прыстойна. Было пару індывідуумаў у гэтай турме, якія нават не як супрацоўнікі, а як людзі. У асноўнай масе ахова, якая да нас была замацаваная, нармальна ставіцца да вязняў.

«НН»: Кармілі таксама нармальна?

СД: З цяжкасцю можна назваць ежай, што нам давалі. Ратавалі перадачкі.

«НН»: Пытанне, якое цікавіць найбольш: ці прапаноўвалі вам з’ехаць за мяжу?

СД: Не, такога не было.

«НН»: І супрацоўнікі КДБ не прыходзілі з гутаркамі?

СД: Не.

«НН»: Не было чакання, што могуць увогуле не выпусціць, пачаць супраць вас крымінальную справу?

СД: Яно і цяпер ёсць, такое чаканне. Кожны дзень жыву ў такім адчуванні.

«НН»: Я так разумею, што на сутках вы сядзелі з «палітычнымі». Як у іх настрой?

СД: Так, толькі на ЦІПе пару сутак быў не з тымі, хто праходзіў па палітычных артыкулах. Адчаю ў іх няма, хутчэй, наадварот.

«НН»: Вы самі далей будзеце займацца палітычнай дзейнасцю?

СД: Скажам так: у палітыку я лезці не хачу. Сваю грамадзянскую пазіцыю я агучваў не раз, вы яе цудоўна ведаеце. Што тычыцца палітыкі, то я не хачу ёй займацца, у мяне для гэтага няма ні ўменняў, ні ведаў. Я проста грамадзянін краіны, які выказвае сваю пазіцыю.

«НН»: Вы ўсё ж сябра прэзідыума Каардынацынай рады, будзе там заставацца?

СД: Шчыра кажучы, пакуль не ведаю, што там адбываецца. Дні пасля вызвалення я правёў з сям’ёй. Я не ведаю, што там, як там. Нічога не магу сказаць, бо ў мяне няма інфармацыі на гэты момант, якая магла быць карыснай нават мне самому.

«НН»: Ніхто не выходзіў з вамі на сувязь? Латушка, Кавалькова?

СД: Не.

«НН»: Сяргей, што ў вас з працай? Вас не звольнілі?

СД: Пакуль не ведаю. Я сёння прыступаю да працы а 7-й вечара. У мяне графік «тры на тры». Спачатку тры дні працую ад сёмай вечара да сёмай ранку. Потым тры выхадных, пасля — тры дні ад сёмай ранку да сёмай вечара.

«НН»: Як настрой у вас?

СД: Нібыта пазітыўны. Што адбылося, тое адбылося. На гэтым жыццё не сканчаецца.

«НН»: У нядзелю не хадзілі на акцыю?

СД: Не, праводзіў час з сям’ёй.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру