Людміла Рублеўская

Публікацыя, якая абмяркоўваецца ў артыкуле: Людміла Рублеўская. Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Раман-інструкцыя// Дзеяслоў. 2008. № 33-34.

Напісаць пра гэты твор мне захацелася пасьля прачытаньня яго пачатку ў другім нумары «Дзеяслова» за 2008 год. Жаданьне захоўвалася й пасьля азнаямленьня з усім творам. Але паміж жаданьнем і зьдзяйсьненьнем утварылася паўза, якую даўно час перапыніць. Пытаньне спрэчнае, наколькі непасрэднае дачыненьне гэтае паўзы да твору сп-ні Рублеўскай, але затрымка мае безумоўнае дачыненьне да кантэксту, у якім гэты твор зьявіўся і чытаецца. І пісьмовае асэнсаваньне ўражаньняў ад чытаньня ў значнай ступені будзе прысьвечана кантэксту і асяродзьдзю, а ня зьместу і форме самога твору.

У гэтай сытуацыі два бакі. Станоўчы: кантэкст твору выявіўся дастаткова моцным і складаным, што безь яго нецікава і нават цяжка гаварыць пра сам твор. Адмоўны: вонкавае асяродзьдзе дадае да раману нашмат менш, чым раман да асяродзьдзя. Гэта ўжо гучыць выкрывальна (для асяродзьдзя), і не заўсёды хочацца даводзіць працэс выкрываньня да лягічнага завяршэньня. Так што і тлумачэньне ў затрымкі дваістае.

Тэкст і асяродзьдзе

Спачатку -- твор.

Паводле сюжэту гэта фантастыка (не навуковая, а проста -- фантастыка) на адвечную тэму альтэрнатываў у гісторыі. Група нашых сучасьнікаў, таварышаў-маладзёнаў, якіх паводле эміграцыйнае клясыфікацыі трэба было б называць «сьведамымі беларусамі», атрымлівае доступ да пэўнага каналу ў 30-я ХХ ст. беларускай сталіцы.
Іхныя вылазкі туды не прыводзяць да радыкальных зьменаў у гісторыі, але блізка знаёмяць з жудаснай рэчаіснасьцю бальшавіцкага тэрору. Таварышы ратуюць зь мінулага чалавека, уцягнутага чэкістамі ў злачынны мэханізм рэпрэсіяў у якасьці ахвяры і правакатара, асобу моцную і неардынарную. Адна зь сябровак групы дорыць яму сваё каханьне, але ён усё адно вяртаецца «дадому» дзеля выкананьня абавязку перад сябрам і, натуральна, насустрач сваёй гібелі. Перажытае спрычыняецца да імклівага сталеньня што саміх сябрукоў, што адносінаў паміж імі.

Кароткі пераказ зьместу «Гульні...» неабходны, хоць наўрад ці аддае раману належнае. Уласна кажучы, тым раман і цікавы, што цікавасьць да яго не вынікае наўпрост ані зь сюжэту, падзеяў і калізіяў, ані зь яго дыдактычнага пасланьня.

Тэкст нашмат цікавейшы, калі разглядаць яго як элемэнт дыялёгу, разгорнутую рэпліку ў «дыспуце» вакол беларускай ідэі.
Толькі вось «дыспут» гэты (які апошнім часам дазваляецца называць толькі дыскурсам) досыць асаблівы.

Гэтак выходзіць (на што ўжо даводзілася зьвяртаць увагу раней), што найбольш цікавыя з гледзішча беларусаведы тэксты зноў і зноў выходзяць з-пад пяра аўтараў, якія на ідэалягічным полі вызначыліся, так бы мовіць, сваёй амбівалентнасьцю. Прычына падвышанай зьмястоўнасьці і арыгінальнасьці аўтарскага бачаньня, як я мяркую, карэніцца ў прынцыповай немагчымасьці надзейна абаперціся на вонкавыя аўтарытэты. Улічваючы сьціплы ўзровень тэарэтычнай думкі, для якой непераўзыдзеным шэдэўрам да сёньня застаецца «Адвечным шляхам», прымус да самастойнага думаньня дае часам нечакана добрыя вынікі. Прынамсі, нашмат лепшыя, чым безуважнае насьледаваньне распрацоўкам стогадовае (а часам і больш) даўніны.

Згаданая вышэй неарыгінальнасьць сюжэтных хадоў «Гульні…» вельмі ўмоўная і ня надта істотная ўвогуле. Хады гэтыя, шырока ўжываныя ў сусьветнай літаратуры «цяжкіх» і «лёгкіх» жанраў, у беларускай літаратуры хутчэй належаць да катэгорыі пагарджаных парыяў, пазычаны інструмэнтар застаецца ў руках пісьменьніцы дапаможным сродкам, а не кіруе працэсам творчасьці, як гэта іншы раз адбываецца зь беларускімі аўтарамі, калі яны рызыкуюць узбагаціць свой арсэнал за кошт нязвыклых для іх прыладаў.

«Гульня ў Альбарутэнію» напісаная як кінараман.
Па-першае, гэта вельмі па-сучаснаму. Па-другое, сапраўды атрымалася добра. Калі пэўныя дыялёгі падаюцца часам ці то ўмоўна-нацягнутымі, ці то схематычна-эскізнымі, дык «відэашэраг» аднаўляе станоўчыя ўражаньні. Старасьвецкая хатка ў лябірынце менскіх завулкаў, алея бальнічнага парку, вітраж з савецкай сымболікай у акне ўнівэрсытэцкай лябараторыі, нарэшце, сцэна з пранікненьнем Скаловіча ў вагон цягніка -- усё атрымалася пераканаўчым і зьмястоўным. Прадуманы і амаль бесьперапынны шэраг выразных ляндшафтаў і інтэр'ераў утварае структуру, якая падтрымлівае дзеяньне, візуальная дэталёвасьць дапамагае стварыць зь вядомых сюжэтных хадоў самабытны беларускі твор.
«Гульня...» чытаецца таксама як рэпліка ў спрэчцы, якая стараньнямі Валера Булгакава займае апошнім часам шмат месца на старонках рэдагаванага ім часопісу «ARCHE».
Вядома, ані мае тэксты, ані твор самой сп-ні Рублеўскай ня маюць на мэце мяшацца ў спрэчку прафэсіяналаў-гісторыкаў, распаленую спадаром рэдактарам вакол ягонай кнігі «Гісторыя беларускага нацыяналізму». На мой погляд, там і поля для спрэчкі няма: сапраўды, бо беларускі нацыяналізм ідэйна аформіўся на тым узроўні, як і нацыяналізмы большасьці эўрапейскіх нацыяў, толькі пры канцы ХІХ -- у пачатку ХХ ст. Іншая рэч -- і тут слова сталай супрацоўніцы газэты «Советская Белоруссия» вельмі дарэчы -- практычныя высновы навуковых і калянавуковых разважаньняў. Ці азначае слушнасьць вышэйзгаданае тэзы, што ў будаўніцтве сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці сучасныя беларусы ня маюць права выкарыстоўваць спадчыну сваёй зямлі, даўнейшую за «Дудку беларускую»? Ці папярэднія этапы разьвіцьця беларускага народу ня маюць ніякага дачыненьня да нацыятварэньня?

Забітыя і памерлыя

Мастацкі тэкст з асабліваю сілай яшчэ раз нагадвае нацыянал-пурыстам: навукова гэта або не, але для выхаванцаў найноўшай хвалі Беларускага Адраджэньня найпрыцягальнейшыя сымбалі Беларусі -- ня лапці й саха, а замкі й рыцары ў мінуўшчыне, не аратыя ці ганчары, а музыкі, палітыкі й мысьляры ў сучаснасьці. Дарэчы, прыгадаўшы працы Ластоўскага, ці ня тое самае можна казаць і пра прадстаўнікоў папярэдняе хвалі? Менавіта альтэрнатыўная гісторыя, нагадвае сп-ня Рублеўская, іншы раз замацоўваецца ў галовах і сэрцах людзей і адыгрывае важнейшую ролю, чым гісторыя сапраўдная.

Калі б першае пакаленьне беларускіх творцаў савецкай эпохі ўлады СССР не патапілі б у іхнай уласнай крыві, дык даробак маладнякоўцаў, узвышанцаў ды інш. мусіў бы істотна прыцьміць няпэўную з навуковага гледзішча і малазразумелую сялянскім сынам фэадальна-шляхецкую старасьвеччыну.
Але рэпрэсіі, якія не маглі закрануць Лява Сапегу, а Францыска Скарыну прымусілі толькі ўзяць псэўданім Георгій, раз і назаўсёды пазбавілі нас твораў сотняў маладых сыноў маладой Беларусі.

Can the subaltern speak? У беларускім выпадку кананічная фраза гучыць неяк навыварат: можа, той прыгнечаны ў дадзены момант мала што можа сказаць, але, пакуль ён жывы, у яго захоўваецца шанец выказацца, а калі ён ужо быў выказаўся (ды яшчэ й памёр сваёй сьмерцю ў павазе і спакоі да пачатку тэрору), застаецца шанец, што ягонае слова захаваецца і будзе кімсьці калісьці пачутае. Для шмат каго з творцаў першых дзесяцігодзьдзяў савецкай улады гэткі прыгнечаны стан выявіўся недасяжнай мараю: іх забілі, і яны мала пасьпелі напісаць.

Масавыя забойствы беларускіх інтэлігентаў -- вось прычына, чаму не ідэалы сялянскае гушчы, а шляхецка-сармацкія міты зрабілі беларусамі герояў сп-ні Рублеўскай (і ці толькі іх?).

Verba volant, scrіpta manent. Пісьменьніца бязьлітасна нагадвае запрошаным у «ARCHE» дыскутантам і ўсім іншым зацікаўленым простую, але страшную і багатую наступствамі рэч: беларуская нацыянальная ідэя вельмі кволая і сьціплая не (толькі) таму, што ўтварылася позна, але яшчэ й таму, што, толькі-толькі ўстаўшы першы раз на ногі, трапіла пад зьнішчальны каток бальшавізму, які мэтаскіравана сьцёр з твару зямлі і дзеячаў, і іхны даробак. А вось раскіданыя па сьвеце старадрукі і рукапісы ды створаныя за стагодзьдзі велічныя будынкі касьцёлаў і замкаў рэжым зьнішчыць дазваньня не патрапіў...

Хто ёсьць who?

Важкае слова падначаленай Паўла Якубовіча істотна псуе пазыцыі рэдактара незалежнага інтэлектуальнага часопіса. Камусьці гэтае меркаваньне пра раман можа падацца занадта прыхільным да раману і нават неаб'ектыўным. Усё ж такі

«Гульня...» сапраўды ў нечым нагадвае гульню: у ёй шмат умоўнасьці, паэтычнасьці, фантазіі, прыгажосьці, нарэшце.
Іншая справа -- быкаўскі «Жоўты пясочак»... Але гаворка якраз пра тое, што ў «Гульні...» зроблены наступны крок: ад выкрываньня да асэнсаваньня. Асэнсаваньня таго, як духоўна суадносяцца дзьве гістарычныя сытуацыі -- нашая і тая. Спробы вызначыць, як існаваць сёньня перажыткам абодвух бакоў тае пары.

Праблема гэтая ня можа быць вырашана ў рамках аднаго параўнальна невялікага твору, яе нават паставіць у гэткім фармаце немагчыма. Але кожны твор, у якім гэтая праблема бярэцца сур'ёзна, а ня ў мэтах казытаньня нэрваў (як гэта апошнія гады шырака робіцца на расейскім літаратурным рынку), кожны твор, які сьведчыць пра масавыя забойствы як пра фактар, які істотна спрычыніўся да ўтварэньня беларускай нацыі, -- важны, карысны, жаданы.

Тэма спадчыны масавага тэрору наўрад ці асуджаная на шырокую папулярнасьць. Для гэтага яна занадта кантравэрсійная. Тым больш станоўчых пачуцьцяў выклікае твор сп-ні Рублеўскай, якая знайшла свой спосаб гаварыць пра тое, што гісторыя краіны саветаў пачалася зь дзікай разьні і што шмат хто з заслужаных працаўнікоў, паважаных дзяржаўных дзеячаў і г.д. паводзілі сябе ў свой час ня лепш за эсэсаўцаў. «Гульня...» -- гэта не ўспаміны сучасьніка і не стылізацыя пад успаміны. Гэта таксама й не рэалістычны гістарычны раман і не цынічная эксплюатацыя сцэнаў жорсткіх катаваньняў. Гэта спроба асэнсаваньня мінулага як спадчыны і нават асьцярожных пошукаў свайго адказу на пытаньне, чаму такое сталася.

Л.Маракоў (ягоную кнігу «Толькі адна ноч» я ўвесь час згадваў, чытаючы раман Рублеўскай як неацэнны (і недаацэнены) збор жыцьцяпісаў насельнікаў Менску страшных часоў камуністычнага тэрору) і іншыя дасьледнікі рэпрэсіяў могуць ганарыцца: іхная праца падтрыманая буйным літаратурным творам.

Нельга зьмяніць мінулае, але, зразумеўшы яго, можна зьмяніць тое, як мінулае ўплывае на сучаснасьць і будучыню адносна дня сёньняшняга. Пра гэта сп-ня Рублеўская гаворыць мэтафарычна, «дазволіўшы» сваім героям немагчымае -- часовае пранікненьне ў мінулае ва ўласным целе і спробы ўплыву на яго. Але ў ейнай мэтафарычнасьці больш празрыстасьці і зразумелага неспэцыялісту сэнсу, чым у навукападобных разважаньнях наконт большай аргумэнтаванасьці пісаньняў заходнярускай школы ў параўнаньні з нацыянальна арыентаванай беларускай гістарыяграфіяй.

Ляпідарнасьць мэтафорыкі можа раздражняць, але яна здольная й прымусіць задумацца, ці не губляецца іншы раз галоўнае ў растрасаньні асобных фактаў, асабліва калі асобнасьць робіцца мэтадалягічнаю асноваю дасьледаваньняў. Мітатворчасьць прыхільнікам звышсучасных філязофскіх плыняў можа здавацца адсталасьцю, але нельга забыцца, што міт моцны тым, што дае менавіта сыстэмныя адказы. Дэканструкцыя мітаў без стварэньня на іх месцы альтэрнатыўнай сыстэмы -- рэч безадказная, і калі нейкі дасьледчык яшчэ пачуваецца беларусам, ён абавязаны гэта ўлічваць.

Канструктыўная ўтопія -- гэта не хлусьня.
Гэта -- надзея, то бок тое, чым кожнае грамадзтва, у тым ліку беларускае, жывіць свае асновы. Пра гэта нагадвае суб'ектам незалежнага мысьленьня супрацоўніца «СБ», якая застаецца, па ўсім відаць, беларускай пісьменьніцай.

Мы адзін народ (або, як ненавукова піша часам «Наша Ніва», адна нацыя). Злучаючы разьдзеленае непераадольным часам, нарацыя «Гульні...» змушае прыгадаць і задумацца, што намі ўспадкавана ад якой лініі: што ад катаў, апантаных ідэямі «новага жыцьця», што ад катаваных, пра ідэі якіх нам часам мала што вядома. Тэкст змушае таксама задумацца і над колішнім афарызмам В.Сёмухі «хто з нас ня быў фашыстам», сказаным з нагоды выкрыцьця нацысцкага мінулага Гюнтэра Граса, бо калі мы сапраўды адзін народ, то як узаемадзейнічаюць нагэтулькі розныя складнікі? Раман амаль не адказвае на апошняе пытаньне, але, як мне здаецца, нейкі адказ утрымліваецца ў завочным дыялёгу Рублеўскай і Булгакава.

Эстэтыка крыку

Але вернемся непасрэдна да тэксту, бо засталася амаль неасьветленаю тэма недахопаў раману. Недзе ў палове чытаньня другой часткі адчуваньне выразнасьці й дасканаласьці малюнку, які разгортвае перад чытачом сп-ня Рублеўская, ня тое што зьмяншаецца, але неяк «замыльваецца». Раз-пораз спыняючыся падчас чытаньня, імкнешся вярнуць адчуваньне той усёпераважнай слушнасьці, якое рабіла малазначнымі асобныя хібы й недасканаласьці, -- але замыленасьць вяртаецца зноў і зноў. Чаму?

Здаецца, што да гэтага часу аўтарка пасьпела сказаць ці ня ўсё істотна новае, канцэптуальна важкае. Цяпер жа, хоць разгортваньне сюжэту й цячэ сваім парадкам і завершыцца, як і належыць, на апошніх старонках, тое новае пра Беларусь, што можна знайсьці ў «Гульні...», ужо на 99% прагучала, напружанасьць думкі зьменшылася, а ў завяршальных акордах дзеяньня ўсё большую моц забіраюць клясычныя да заштампаванасьці хады. Вядома, гісторыю трэба, неабходна даказаць, але можна параіць пакідаць «на дэсэрт» трохі больш.

Наагул, адметнасьць «Гульні...» у тым, што калі ў справах невідавочных яна шмат у якіх выпадках кажа новае слова, дык у відавочных выглядае сьціпла. З аднаго боку, твор выводзіць на неартадаксальныя думкі, зь іншага -- выглядае наіўна-бездапаможным.

Зьдзек зь беларускай мовы, нашу інтэлектуальную галечу, нацыянальныя міты канца ХХ ст. сп-ня Рублеўская тлумачыць глыбока і нешаблённа, а карупцыя ў сучасным Менску ў ейным апісаньні выглядае як нешта або татальна новае, уласьцівае выключна постперабудовачнай Беларусі, або ўвогуле як прынцыпова невытлумачальнае зло: наіўнасьць на мяжы дазволенага.

На той мяжы аўтарка балянсуе неаднаразова. Канфлікт у «Гульні...» будуецца на клясычны рамантычны ўзор: высакароднасьць супраць падступнасьці, прыроднае зло супраць прыроднага дабра. Станоўчыя героі старанна стыгматызаваныя, чаму прысьвечаныя ладныя па памерах «Уводзіны», змагаюцца, пакутуюць і атрымліваюць перамогу нават у самым сэрцы ўласнай паразы. Біяграфія Скаловіча з вандроўным тэатрам, выбухамі, тэрарыстамі і Сарбонаю быццам жыўцом узятая з (ненайлепшых) апавяданьняў Ал. Грына.

Няма, аднак, недахопаў бяз посьпехаў -- у гэтым пісьменьніца (ці выпадкова?) нагадвае сваіх герояў. Яна іншы раз нагэтулькі захапляецца разгортваньнем дзеяньня, што пакуль нутраны зрок пільна ўглядаецца ў «даль свободного романа», рука тчэ тэкст, як слуцкая ткачыха пэрсыдзкі пас з васількамі.

Прыемна і радасна чытаць добра напісаны твор, які рабіўся чалавекам у гэткім узвышаным стане, але лепш бы доказы аўтаравай захопленасьці былі менш гратэскнымі. Кардэ забіла Рабэсп'ера... «Тужліва глядзеліся між учэпістых «плебеяў» яркія галоўкі туліпанаў ды хрызантэм» (курсівы мае -- ДЖ)... Гэткія вынаходкі варта было б, канечне, выявіць падчас рэдактуры-карэктуры, якою, даўно заўважана, часопіс «Дзеяслоў» неабгрунтавана пагарджае. Агульнага ўражаньня драбязя не псуе, але ўвагу чытача непатрэбна адцягваюць. Адцягваньне ж гэтае для ўспрыманьня твору дужа небясьпечнае.

Бо

«Гульня ў Альбарутэнію» -- гэта крык. Хай сабе інтэлігенцка-стрыманы, жаноцка-інсцэнаваны і пісьменьніцка-стылізаваны, але менавіта крык, і яго даводзіцца ўспрымаць як крык.
Бо, як і належыць крыку, «зарад» раману ня надта артыкуляваны й адрасны, проста скіраваны да ўсіх, хто гатовы яго пачуць, а сам выкід эмоцыяў справакаваны адразу з шматлікіх бакоў.

Прыклаліся да яго зьяўленьня што афіцыйны дыскурс, зь яго не заўсёды нават прыхаваным нэгатыўным стаўленьнем да нацыянальнага будаўніцтва, што нібыта супрацьлеглы і нібыта інтэлектуальны кірунак апазыцыйнае думкі, які зь незразумелай радасьцю гатовы вычышчаць нешматлікія ацалелыя міты беларушчыны.

Пра што ж крык? Вядома, пра што: што жыве Беларусь. І крышку -- пра тое, як ёй жывецца.

P.S. Кажуць, «Белсат» дэманструе экранізацыю «Тутэйшых». Кажуць таксама, што ня ўсё ў гэтым фільме дасканала. У мяне вестка для белсатаўскіх плянавікоў: зьявіўся новы твор, экранізацыя якога можа дапамагчы вам у дасканаленьні свайго майстэрства. Ну а дзеля павагі да паноўных законаў ідэалягічнага сюррэалізму варта бягучым радком пускаць па нізе экрану тэкст чарговага нумару «СБ»: ад назвы да рэдакцыйнага складу.

* * *

Даніла Жукоўскі - крытык, лаўрэат прэміі «ARCHE» «За сумленнае слова». Жыве ў Гродне. Аўтарская назва тэксту - «Права на надзею».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру