Калі да восені не будзе вырашана пытанне аб стварэнні беларускамоўнага дзяржаўнага тэлеканала, у верасні Таварыства беларускай мовы пачне збор подпісаў грамадзян пад адпаведнай адозвай да ўладаў.Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў.
Паводле яго слоў, у пачатку красавіка ён звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея з просьбай стварыць беларускамоўны дзяржаўны тэлеканал, бо яго адсутнасць пазбаўляе грамадзян цэласнай інфармацыйнай прасторы на роднай мове.
Гэтая адозва была пераадрасавана ў Міністэрства інфармацыі, адкуль прыйшоў адказ ад 24 красавіка, падпісаны міністрам Уладзімірам Русакевічам. Ён, у прыватнасці, паведамляе, што ў краіне дзейнічаюць пяць агульнанацыянальных тэлеканалаў, а таксама «НТВ-Беларусь» і «РТР-Беларусь», кожны з якіх «мае сваю адметную ад іншых канцэпцыю вяшчання і аўдыторыю гледачоў». Стварэнне новага канала на базе аднаго з дзейных «непазбежна прывядзе да зменаў на інфармацыйны полі краіны, а таксама стане прычынай немалых фінансавых выдаткаў», зазначаецца ў адказе.
Трусаў выказаў нязгоду з такой пазіцыяй, бо, паводле яго слоў, беларускамоўны тэлеканал таксама будзе мець сваю канцэпцыю і сваю аўдыторыю. «І ў той час, калі нават польскае дзяржаўнае тэлебачанне стварыла поўнасцю беларускамоўны тэлеканал «Белсат», такая пазіцыя Уладзіміра Русакевіча сведчыць аб адпаведным стаўленні да мовы тытульнай нацыі», — лічыць старшыня ТБМ.
Ён выказаў надзею, што ў Год роднай зямлі, якая немагчыма без роднай мовы, улады зменяць сваё стаўленне да гэтай праблемы. «У адваротным выпадку мы пачнем збіраць подпісы грамадзян пад адозвай за адкрыццё беларускамоўнага дзяржаўнага тэлеканала», — сказаў Трусаў.