ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» запрашае ў Школу маладога літаратара «W/Rights». Калі табе да 35 гадоў і ты пішаш паэзію, крытыку, рэдагуеш альбо перакладаеш тэксты — смела падавай заяўку.
«W/Rights» аб'ядноўвае паэтаў, крытыкаў, рэдактараў і перакладчыкаў, якія падчас навучання не толькі паляпшаюць якасць сваіх тэкстаў, але і атрымліваюць механізм рэалізацыі сваіх культурніцкіх правоў. Праект ажыццяўляецца ў партнёрстве з грамадска-культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!», праваабарончай ініцыятывай «Журналісты за талерантнасць», Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый.
Выкладанне ў Школе будзе весціся на двух аддзяленнях: «Паэзія/Пераклад паэзіі» і «Крытыка/Літаратурнае рэдагаванне».
Навучанне ў Школе — бясплатнае!
Школа маладога літаратара «W/Rights» — гэта:
- базавыя веды ў галіне культурніцкіх правоў,
- актуальныя практыкі creative writing,
- камунікацыя і ўзаемнае абмеркаванне тэкстаў з калегамі,
- тэорыя крытыкі, паэзіі і паэтычнага перакладу,
- навучанне асновам прамоцыі, краўдфандынга і фандрайзінга ў сферы культуры,
- семінары па выяўленні мовы варожасці ў тэкстах,
- воркшопы з найлепшымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі,
- сустрэчы з выдаўцамі, дызайнерамі і спецыялістамі па аўтарскім праве,
- магчымасць надрукаваць свае творы.
Умовы паступлення:
Узрост: 18-35 гадоў.
Заяўка на адрас [email protected]
Што павінна быць у заяўцы
1) узор водгуку/рэцэнзіі на прачытаную кнігу (для аддзялення «Крытыка/Літаратурнае рэдагаванне») альбо паэзіі/перакладу (для аддзялення «Паэзія/Пераклад паэзіі») любога жанру на беларускай мове аб’ёмам 2—5 старонак,
2) матывацыйны ліст з адказам на пытанне, чаму вы хочаце навучацца ў Школе,
3) спіс з 5—10 кніг, якія на вас паўплывалі найбольш.
Правілы афармлення заяўкі:
* Тэма ліста: W/Rights з пазнакай «Крытыка/Літаратурнае рэдагаванне» альбо «Паэзія/Пераклад паэзіі».
* Вашы тэксты, матывацыйны ліст і спіс кніг дасылайце разам адным файлам у фармаце.docx (.doc). На першай старонцы пазначце сваё імя і прозвішча, адрас пражывання, дату нараджэння, e-mail і кантактны нумар тэлефона.
* Файл назавіце лацінкай наступным чынам: ваша прозвішча, ніжняе падкрэсліванне, ваша імя. Напрыклад:
- Pashkevich_Alaiza.docx
- Bahdanovich_Maksim.docx
Заяўкі для паступлення прымаюцца на электронную пошту: [email protected] да 1 кастрычніка 2020 года.
Заяўкі не рэцэнзуюцца. Прыём паводле конкурсу. Пра вынікі прыёмнай кампаніі будзе паведамлена на пачатку кастрычніка на сайце lit-bel.org і ў паштовай рассылцы. Пры паспяховым залічэнні ў Школу вам паведамяць гэта да пачатку заняткаў па нумары тэлефона, які вы пакінулі.
Зычым поспеху!