Супрацоўнікі, студэнты і выпускнікі біялагічнага факультэта БДУ звярнуліся да дзяржаўных органаў Беларусі. Яны просяць не дапускаць затрыманняў і гвалту да мірных грамадзян, вызваліць палітычных вязняў і прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі, паведамляе TUT.by.

«Мы выказваем салідарнасць з усімі грамадзянамі, якія шляхам негвалтоўнага пратэсту спрыяюць аднаўленню міру і законнасці ў Беларусі, — напісалі аўтары звароту. — У сувязі з парушэннем нашых грамадзянскіх і палітычных правоў, а менавіта: права на сумленныя і празрыстыя выбары, свабоду волевыяўленьня (арт. 65, 66 Канстытуцыі), права на жыццё і бяспеку, права на абарону ад замахаў за свабоднае выказванне сваёй пазіцыі (арт. 4, 10, 22, 25, 33 Канстытуцыі), органам дзяржаўнай улады выказваем пратэст супраць беззаконня, якое ўстанавілася ў нашай краіне».

Свае патрабаванні біёлагі сфармулявалі так:

  • не дапускаць затрыманняў і гвалту ў дачыненні да мірна пратэстуючых грамадзян. Ініцыяваць працэс адхілення ад займаных пасадаў і прыцягнення да адказнасці ўсіх работнікаў праваахоўных органаў, хто ўжыў гвалт, хто аддаваў і выконваў злачынныя загады і парушыў прысягу, дадзеную народу Беларусі. Да заканчэння незалежнага і галоснага расследавання адхіліць ад выканання абавязкаў міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, кіраўніцтва і асабісты склад падраздзяленняў АМАП МУС;
  • вызваліць усіх палітычных зняволеных, адмяніць неправамерныя судовыя пастановы, выплаціць кампенсацыі ўсім грамадзянам, якія пацярпелі ад незаконных дзеянняў сілавых структур;
  • у сувязі з непрымальнай колькасцю зафіксаваных парушэнняў і фальсіфікацый прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў, якія адбыліся 9 жніўня. Сфармаваць новы склад ЦВК, правесці новыя выбары […];
  • прызнаць Каардынацыйную раду органам, які прадстаўляе нашы інтарэсы ў частцы пералічаных вышэй патрабаванняў.

Зварот падпісалі 624 чалавекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0