Алесь Макаеў, Сяргей Скрабец, Андрэй Кім, Аляксандр Казулін, Наста Палажанка, Мікола Статкевіч.

Алесь Макаеў, Сяргей Скрабец, Андрэй Кім, Аляксандр Казулін, Наста Палажанка, Мікола Статкевіч.

4 траўня бестэрміновую галадоўку салідарнасці абвясцілі трынаццаць палітыкаў, грамадскіх дзеячаў і моладзевых лідэраў. Патрабаванне — вызваліць з‑за кратаў ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і двух ягоных паплечнікаў (Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі), а таксама рэабілітацыя ўсіх палітвязняў.

Галадоўку абвясцілі прадпрымальнікі Алесь Макаеў і Сяргей Парсюкевіч, моладзевы актывіст Андрэй Кім, экс‑кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, палітыкі Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Скрабец, Вячаслаў Сіўчык, Міхаіл Марыніч, , актывісты «Маладога фронту» Наста Палажанка, Андрэй Цянюта, Мікола Дземідзенка, Арцём Дубскі.

Ва ўправе Партыі БНФ увесь час будуць знаходзіцца чацвёра апошніх. Лявон Баршчэўскі таксама паабяцаў першы дзень прабыць разам з «маладафронтаўцамі». Ініцыятары галадоўкі спадзяюцца, што з часам да акцыі далучацца і іншыя ўдзельнікі.

Былы палітвязень Аляксандр Казулін, які галадаў у турме блізу пяцідзесяці дзён, зазначыў:

«Ужо мінула дастаткова шмат дзён з таго моманту, як Мікола Аўтуховіч адмовіўся ад ужывання ежы. Сёння ўжо можна гаварыць, што гэта не проста галадоўка, а ахвяраванне жыццём.
У такой сітуацыі мы абавязаны праявіць сваю салідарнасць. Кожны з нас прагаладае колькі зможа, тыдзень ці два. Але будуць і такія, што будуць галадаць па месяцу і больш. Спадзяюся, што да нас далучыцца шмат грамадзянаў».

Аляксандр Казулін заўтра ад’язджае ў Прагу на саміт «Усходняга партнёрства». Ён будзе ў Чэхіі даносіць да еўрапейскіх палітыкаў праблему з палітвязнямі ў Беларусі.

Андрэй Кім зазначае, што на цяперашні момант гаворка вядзецца пра жыццё Аўтуховіча. І наступнай акцыі салідарнасці 16‑га чысла ён можа проста не дачакацца. Хлопец заклікаў усіх неабыякавых кожны вечар выходзіць на Кастрычніцкую плошчу, каб таксама выказаць сваю салідарнасць з арыштаванымі.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заклікаў пачаць збор сродкаў для падтрымкі палітвязняў. Ён папрасіў людзей прыносіць грошы на Ўправу, пасля чаго яны будуць перададзеныя сем’ям зняволеных.
«Я разумею, што гэтай галадоўкай Лукашэнку мы нічога не дакажам, але не магу сказаць «не рабіце», бо разумею, што гэта справядлівая справа», — зазначыў Л.Баршчэўскі.

На думку Аляксандра Казуліна, найважнейшай задачай у гэтай акцыі з’яўляецца тое, каб паказаць свету, што палітвязні ў Беларусі не зніклі, а яны па‑ранейшаму сядзяць у турмах і ахвяруюць сваім жыццём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?