Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што студэнтам, якія навучаюцца ў Польшчы, прыйдзецца пацвярджаць дыпломы ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з губернатарам Іркуцкай вобласці Ігарам Кобзевым.

У сваю чаргу прадстаўнік Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы заявіў РІА «Новости», што Рэспубліка гатовая пакінуць у сябе выпускнікоў з Беларусі, калі яны сутыкнуцца з цяжкасцямі пры пацверджанні сваіх дыпломаў на радзіме, піша Tut.by.

«Мы са здзіўленнем толькі што прачыталі заяву спадара Лукашэнкі. Ён, мабыць, не ведае, што польскія ўніверсітэты даюць сваім выпускнікам вельмі якасную адукацыю, якая каціруецца ва ўсім свеце», — заявіў прадстаўнік Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы.

«Пацвярджэннем якасці нашай адукацыі з'яўляецца той факт, што дыпломы польскіх ВНУ прызнаюцца ў краінах Еўрапейскага Саюза, у ЗША. Прычым гаворка ідзе аб такіх складаных спецыяльнасцях, як медыцына, эканоміка, інфарматыка», — адзначыў суразмоўца агенцтва.

Прадстаўнік Міністэрства навукі таксама лічыць, што калі словы Лукашэнкі здабудуць заканадаўчую сілу, то беларускія выпускнікі польскіх ВНУ не захочуць вяртацца на радзіму і Польшча ад гэтага толькі выйграе.

«Мы з задавальненнем іх тут пакінем. Мы ад гэтага толькі выйграем, атрымаўшы адукаваных спецыялістаў. Некалькі гадоў правучыўшыся ў нашай краіне, яны ўжо вельмі добра валодаюць мовай, інтэграваліся ў грамадства, большасць з іх пачынаюць працаваць яшчэ ў студэнцтве», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0