Аляксандра Дзікан, Кіеў

Аляксандра Дзікан, Кіеў

Аляксандра Дзікан, жонка аднаго з затрыманых топ-мэнэджараў ІТ-кампаніі PandaDoс Віктара Куўшынава, разам з сынам паехала ва Ўкраіну, бо атрымала папярэджаньне аб магчымым перасьледзе. Дэталі перасьледу мужа і свайго пераезду ў Кіеў Аляксандра Дзікан расказала «Свабодзе».

«Муж папрасіў, каб зьехала»

«Праз паўтара тыдня пасьля затрыманьня, калі мой муж ужо знаходзіўся ў СІЗА на Валадарскага, ён перадаў мне, каб я зьяжджала, каб яму было больш спакойна. Бо яны ж ціснуць на ўразьлівыя месцы, шантажуюць блізкімі і роднымі. Апроч таго, я яшчэ лічуся заснавальніцай недзяржаўнай арганізацыі, і, нягледзячы на тое, што я там ужо не працую год, пад мяне таксама пачалі «капаць», — расказала Аляксандра Дзікан.

Ужо знаходзячыся ў Кіеве, яна даведалася, што на дзяржаўнай тэлевізіі выйшаў сюжэт пра ейны «ўдзел» у нібыта «замежным фінансаваньні» жаночых пратэстаў:

«PandaDoс пэўны час дапамагала, спансавала на бязвыплатнай аснове арганізацыю «Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын», якую я заснавала, але на той момант ужо ў ёй не працавала. Гэта была стандартная праца з фондамі ў Беларусі, і яны «расьсьледавалі», што празь мяне пераводзяць грошы ў Беларусь і фінансуюць жаночыя пратэсты. Тады мне і сказалі, што лепш выехаць тэрмінова. І мы выехалі з сынам. Потым да мяне прыехала мама, каб дапамагаць».

Паводле яе, кампанія пералічыла гэтай арганізацыі каля трох тысячаў даляраў, але яны практычна не былі выкарыстаныя. У сюжэце ж на дзяржаўным тэлебачаньні сьцьвярджалася, што «ў 2018 годзе Дзярждэпартамент ЗША спрабаваў пералічыць на рахунак Цэнтра абароны правоў жанчын, які зарэгістраваны ў Мінску, амаль 19 тысяч долараў».

Удзельніца акцый салідарнасьці ў Кіеве

На адну з акцый пратэсту каля беларускай амбасады ў Кіеве Аляксандра прыйшла разам з сынам і маці. У руках яна трымала плякат з надпісам: «SAVEPANDADOC. Выратуйце «ПандаДок». Мой муж у турме праз вас — забойцаў, тараканаў і бандытаў. Трыбунал вам усім!»

Абвінавачаньні ў свой адрас яна называе беспадстаўнымі, а супраць мужа — палітычнай замовай:

«Я — гэта такі ланцужок, дадатковы ціск на мужа і на PandaDoс. А сюжэт пра мяне паказалі, каб прамыць мазгі сілавікам, што пратэсты аплочваюцца. Перасьлед супрацоўнікаў кампаніі — гэта палітычная замова, бо яе заснавальнікі выступілі з заявай аб падтрымцы сілавікоў, якія адмовяцца ад гвалту і пяройдуць на бок народу. Гэта такая вэндэта, помста, узялі ні ў чым не вінаватых людзей».

Спатканьне з мужам перад эміграцыяй

Аляксандра паведаміла, што мужа яна пабачыла ў Дэпартамэнце фінансавых расьсьледаваньняў праз тры дні пасьля ягонага затрыманьня:

«Іх туды прывезьлі з Акрэсьціна на допыт, да пераводу на Валадарскага. І вось тады я яго пабачыла. Яго прывезьлі ў кайданках, як злачынцу, бандыта. Я тады перадала яму перадачу і абняла. Тады я ўжо разумела, што, напэўна, усё сур’ёзна, але яшчэ не ўсьведамляла, што яго бачу апошні раз на найбліжэйшую пэрспэктыву».

Паводле яе, цяпер Віктару Куўшынаву дапамагаюць ягоныя бацькі, якія засталіся ў Менску, і адвакат:

«Для мяне цяпер адвакат — гэта такая надзейная асоба, якая можа перадаць мужу мае словы падтрымкі і ад мужа — нам. Ён, вядома, ня можа шмат расказаць пра тое, як прасоўваецца справа, бо яны ўсе падпісалі паперу пра невыдаваньне. Але ён можа мне паведаміць пра самаадчуваньне мужа. Вось нядаўна муж папрасіў, каб мы зьезьдзілі з сынам на мора, паехалі туды, дзе цёпла, каб адпачыць. Прасіў перадаць, каб мы не перажывалі і што ў яго ўсё ў парадку, калі так можа быць у гэткіх абставінах. Але зразумела, што ў справе PandaDoс прававыя мэханізмы, па сутнасьці, ня дзейнічаюць».

Разам з сынам Аляксандра арандуе кватэру ў Кіеве, але пакуль ня вырашыла, ці будзе зьвяртацца да ўкраінскіх уладаў па легалізацыю:

«Я ў Кіеве паўтара тыдня. Пакуль не сутыкалася ні зь якімі праблемамі і яшчэ ня ведаю, ці займацца легалізацыяй. Пакуль я не пляную і не хацела б тут асесьці і жыць. Спадзяюся, што мы пераможам і я вярнуся ў вольную краіну і сустрэнуся з мужам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?