Палітык Аляксандр Казулін падзяліўся ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» уражаннямі ад нядаўняй варшаўскай сустрэчы з лідэрам КХП‑БНФ Зянонам Пазняком і старшынём БСДГ Станіславам Шушкевічам. Размова адбылася напярэдадні вылету Казуліна на пражскі саміт «Усходняга партнёрства».

Аляксандр Казулін: Гэта была вельмі важная і змястоўная сустрэча. Калі Пазняк, Шушкевіч, Сурвілла і Казулін зрабілі сумесную заяву да Еўрасаюзу, то мы разумеем, што і надалей павінны рухацца разам. На гэтай сустрэчы мы абмяркоўвалі вельмі шмат пытанняў. Найперш гаварылі ўвогуле пра тое, ці варта ехаць у Прагу. Мы вырашылі, калі Лукашэнка збіраецца на саміт, то мы таксама там мусім быць. Мы павінны данесці еўрапейскай супольнасці нашы думкі, расказаць аб сапраўднай сітуацыі ўнутры краіны. Важна тое, што разам працуюць людзі розных поглядаў і знаходзяць паразуменне. Сімвалічна, што між сабой сустракаліся кандыдаты ў прэзідэнты выбараў 1994 і 2006 гадоў. І ў нас будзе агульная пазіцыя, мы дамовіліся па ўсіх пунктах.

«Наша Ніва»: А чаму з Вамі няма Мілінкевіча?

АК: Гэтае пытанне лепш задаць самому Аляксандру Мілінкевічу. Скажу толькі што мы прапаноўвалі яму далучыцца да нас, але згоды не атрымалі.

«НН»: З Пазняком у вас былі не самыя простыя стасункі. Як атрымалася, што цяпер вы апынуліся разам?

АК: Ведаеце, у мяне ніколі не было з Пазняком цяжкіх стасункаў. Магчыма, не было сяброўства. Можа, было нейкае непаразуменне. Аднак калі мы сустракаемся асабіста, калі маем магчымасць паглядзець адзін аднаму ў вочы і параіцца, то ўсё становіцца зразумелым і відавочным. Я заўсёды быў самага лепшага меркавання пра Пазняка. Гэта — чалавек‑гісторыя, чалавек‑эпоха.

«НН»: І чаго вы будзеце дабівацца ў Празе?

АК: Ёсць пяць умоваў, якія ўжо неаднаразова ставіў Еўрасаюз перад беларускімі ўладамі. Іх ніхто не адмяняў. Таксама мы лічым вельмі важным, каб быў далучаны яшчэ адзін пункт. Гаворка пра абарону беларускай культуры, адукацыі, а таксама свабоды творчасці. Калі не будзе беларускай культуры і адукацыі, то не будзе нічога. Ні незалежнасці, ні дэмакратыі.

«НН»: З кім будзеце мець сустрэчы?

АК: Папярэдне запланавана, што мы сустрэнемся з прэм’ер‑міністрам Чэхіі Тапаланекам, міністрам замежных справаў Шварцэнбергам. Напэўна, з некім яшчэ з палітыкаў. Будзем знаходзіцца ў Празе ад 5 да 7 траўня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?