Фота Надзеі Бужан
Галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу забаранілі выезд за мяжу. Такое рашэнне прыняў следчы Аляксей Даўжонак, паведаміў сёння Марціновіч.
Раней Марціновіч расказаў, што падчас трохдзённага затрымання з 23 да 26 верасня да яго прыходзіў аператыўнік МУС з пытаннем, ці не хацеў бы ён выехаць за мяжу, як Ціханоўская?
Тое самае пытанне яму задаваў чалавек, з якім Марціновіча пасадзілі ў адну камеру ЦІП — які, па словах таго чалавека, меў 8 судзімасцяў.
Марціновіч быў прызнаны падазраваным па крымінальнай справе аб паклёпе (арт. 188 КК). Пацярпелым па ёй праходзіць намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў.
23 верасня дома ў Марціновіча прайшоў ператрус, рэдактара забралі на допыт у СК, пасля чаго затрымалі на трое сутак. Цяпер ён пад падпіскай аб нявыездзе.
Сёння над Ягорам Марціновічам павінен адбыцца адміністрацыйны суд.