Фота Надзеі Бужан

МУС не паведаміла дакладнай лічбы затрыманых у Беларусі за палітыку ўчора. «Усяго за мінулыя суткі па краіне затрымана звыш 350 чалавек да разгляду ў судзе спраў па адміністрацыйных правапарушэннях», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

Між тым праваабаронцы-вясноўцы маюць імёны 380 затрыманых учора як мінімум у 20 населеных пунктах краіны: ад Мінска праз Міханавічы і Беразіно да Оршы.

Як правіла, праваабаронцы няздольныя ўлічыць усіх затрыманых, калі іх колькасць такая вялікая, і рэальная колькасць большая за іх статыстыку.

Такім чынам, усяго ў Беларусі за час прэзідэнцкай кампаніі і пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў адбылося, як мінімум, каля 13 210 затрыманняў.

«Наша Ніва» атрымала гэтую лічбу, сплюсаваўшы звесткі Міністэрства ўнутраных спраў за асобныя дні ад пачатку пратэстаў. У тыя дні, калі звесткі МУС былі меншыя, чым спісы праваабаронцаў па прозвішчах, або не публікаваліся, мы ўключалі лічбу, сабраную праваабаронцамі.

Пікам затрыманняў сталі 9-12 жніўня, калі, згодна са звесткамі МУС, затрымалі «больш за» 6700 чалавек (дакладных лічбаў за тыя дні МУС не прадаставіў, а праваабаронцы былі няздольныя падлічыць, затрыманняў было зашмат).

Затрыманых у Беларусі за гэтае лета больш, чым было інтэрнавана ў Польшчы часоў «Салідарнасці». Там за перыяд ваеннага становішча былі інтэрнаваныя 10 123 чалавекі.

Каб людзі ў іншых краінах маглі ўявіць сабе маштабы ў Беларусі, у праекцыі на колькасць насельніцтва, дадзеная колькасць затрыманняў адпавядае прыкладна 205 000 у прапорцыі да насельніцтва Расіі, 60 000 — для Польшчы ці Украіны.

У кожным разе, гэта найбольшы хапун у найноўшай гісторыі Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру