Музыкам кавер-гурту Best Sound Band, якіх затрымалі 26 верасня ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа, Савецкі раённы суд Мінска прысудзіў арышты — розныя тэрміны за аднолькавае правапарушэнне, піша Радыё Свабода.
Альтыстку Ніну Матушкіну суддзя Аляксандр Воўк пакараў 11 суткамі за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Паводле аналагічнага артыкула 23.34 ч.1 КаАП на 12 сутак адпраўлены за краты Яраслаў Бандарчук. Такое рашэнне прыняла суддзя Марына Фёдарава.
Яна ж судзіла і апошняга з затрыманых музыкаў калектыву Вадзіма Бурака. Вырак — 13 сутак адміністрацыйнага арышту.
Калі падчас Жаночага маршу частка пратэстоўцаў спусцілася ў пераход, гурт зайграў «Перамен» і «Муры». Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве з'явілася міліцыя, якая загадала спыніцца і збірацца ў аддзяленне для «высвятлення асоб».
Дазвольныя паперы на вулічныя выступы на міліцыянтаў не падзейнічалі.
Пазней высветлілася, што затрымалі Бандарчука, Матушкіну, Бурака. Да суда іх змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна. Яшчэ дваіх музыкаў адпусцілі.