Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў на першым судовым пасяджэнні. Фота spring96.org

Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцігнееў на першым судовым пасяджэнні. Фота spring96.org

У судзе Маладзечанскага раёна 29 верасня вынеслі прысуд двум маладзечанцам — Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцягнееву, якіх судзілі па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса за супраціў супрацоўнікам АМАПа з ужываннем гвалту падчас патасоўкі з сілавікамі на акцыі 19 чэрвеня, на якой амапавец дастаў пісталет. Суддзя Вікторыя Паляшчук прызнала абодвух вінаватымі і пакарала іх пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова — на тры гады і тры месяцы, а Уладзіслава Еўсцягнеева — на тры гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і патрабаваў пракурор Сяргей Габруковіч, піша spring96.org.

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля агалошвання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3-гадовы тэрмін пазбаўлення волі.

Суд вырашыў, што Павел Пяскоў і Уладзіслаў Еўсцягнееў аказалі гвалтоўнае супраціўленне супрацоўнікам мінскага АМАПа Вячаславу Якавенку і Яўгену Баранаву адпаведна, тым самым здзейснілі злачынства, прадугледжаннае ч. 2 арт. 363 КК.

Суд устанавіў, што падчас дзеянняў маладзечанцаў амапаўцы атрымалі пашкоджанні: пашкоджанне форменнага абмундзіравання і цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпіны на каленях і локце, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя і значнай страты працаздольнасці. У перадапошні дзень судовых разбіральніцтваў судовы медэксперт Міхаіл Скабей, які аглядаў пацярпелых амапаўцаў і даваў заключэнне па іх пашкоджаннях, сказаў, што зафіксаваў у Якавенкі драпіну на левым калене памерам 2 см на 1,5 см. Але фотафіксацыі пашкоджанняў не рабілася — «не прадугледжана ўнутраннымі распараджэннямі».

Уладзіслаў Еўсцягнееў, spring96.org

Уладзіслаў Еўсцягнееў, spring96.org

На судзе Уладзіслаў Еўсцягнееў прызнаў віну цалкам, Павел Пяскоў — часткова. Еўсцягнееў растлумачыў свае дзеянні тым, што ў патасоўку ўвязаўся праз крык жанчыны каля міліцэйскага буса. Ён падумаў, што жанчыне робяць больна. Тады ён падбег да супрацоўніка АМАПа і «прыхапіў яго рукой», пасля чаго ў выніку ціску натоўпу людзей і праз тое, што Еўсцягнееў падвярнуў нагу, і ўпалі з супрацоўнікам АМАПа:

«Я трымаўся за амапаўца, каб, падаючы, не ўдарыцца аб плітку». 

Павел Пяскоў, spring96.org

Павел Пяскоў, spring96.org

Павел Пяскоў заявіў на судзе, што на вуліцы пачуў крыкі накшалт «Ратуйце, дапамажыце!» і ўбачыў патасоўку, у якой «амапавец націскае на чалавека», пасля чаго ён умяшаўся. Па яго словах, ён хацеў спыніць гэты канфлікт, бо там прысутнічалі дзеці і гэта адбывалася ў грамадскім месцы. Намеру прычыніць шкоду супрацоўнікам АМАПа, як сцвярджалася падчас суда, не было ні ў Паўла Пяскова, ні ва Уладзіслава Еўсцягнеева.

Нагадаем, 19 чэрвеня ў Маладзечне падчас акцыі салідарнасці маладзечанцы паспрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу Алейніка. Кадры патасоўкі каля міліцэйскага мікрааўтобуса выклікалі вялікі рэзананс, бо адным з відэа бачна, што ў нейкі момант у руках аднаго з амапаўцаў апынуўся пісталет. Следчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу па артыкуле 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак».

У межах гэтай крымінальнай справы былі затрыманыя 25-гадовы Уладзіслаў Еўсцягнееў і 31-гадовы Павел Пяскоў. 16 верасня суд Маладзечанскага раёна пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да іх. Адзін з падазраваных па гэтай справе — Уладзімір Непагода — знаходзіцца ў вышуку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0