Гісторыя адбылася яшчэ 2 верасня. П’яны хлопец пачаў кідацца на мінакоў: пагражаў ім «розачкай» і шпуляў мэблю летняга кафэ. У выніку дэбашыра вырубіў яго ж сябар, а міліцыя палічыла, што ўсё было ў рамках закона.

Абстаівны здарэння выкладзеныя ў пратаколе, які з'явіўся ў інтэрнэце. Гэта адмова ў завядзенні крымінальнай справы.

Згодна з дакументам, нейкі Міхаіл Фёдараў выпіў з сябрам два літры піва. Па дарозе дадому ён заўважыў хлопца з бел-чырвона-белым сцягам на плячах.

«Міхаіла гэта абурыла, бо ён неафіцыйна працуе ў будаўнічай сферы, а ў сувязі з сітуацыяй пасля выбараў прыхільнікі «бел-чырвона-белага» руху накаляюць абстаноўку ў краіне, намагчыма знайсці працу», — гаворыцца ў дакуменце.

Міхаіл сказаў хлопцу зняць сцяг, той адмовіўся, за яго заступіліся яшчэ некалькі чалавек са сцягамі. Яны пачалі крычаць Міхаілу: «Ганьба!»

«Усе яны хацелі пабіцца і паводзілі сябе неадэкватна», — патлумачыў Міхаіл. Ён не прыдумаў нічога лепшага, як зрабіць з бутэлькі «розачку» — хацеў такім чынам напалохаць людзей са сцягамі. А таксама пачаў шпуляцца мэбляй з летняй пляцоўкі бара.

«Гэтае дзеянне мела пад сабою знак пратэсту супраць дзеянняў па дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне і іх няправільных паводзінаў», — тлумачыў Міхаіл.

Пасля гэтага сябар Міхаіла ўдарыў яго ў твар. Міхаіл супакоіўся і адключыўся. Дарэчы, да сябра ён прэтэнзій не мае.

Прыехала міліцыя, Міхаіла забралі. Але ж складу злачынства ў яго дзеяннях не знайшлі.

«Дзеянні не былі беспадстаўнымі і былі здзейсненыя па асабістых матывах, выкліканых тым, што асобы, якія ходзяць па вуліцах вялікімі групамі з незарэгістраванай сімволікай (бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня») дэстабілізуюць сітуацыю ў дзяржаве, у сувязі з чым ён [Міхаіл] не можа знасці сабе месца працы і пастаянны заробак», — гаворыцца ў дакуменце.

У выніку на Міхаіла, які сп’яну пагражаў «розачкай» і кідаўся крэсламі, не сталі заводзіць справу за хуліганства.

На працягу сутак «Наша Ніва» спрабавала атрымаць каментар ад праваахоўнікаў наконт сітуацыі, аднак марна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0