Аднойчы, распытваючы сіценцаў пра найбліжэйшую царкву, я набрыў на бабку гадоў 80-ці. Яна сядзела на лаўцы ля хаты і паводле ўсіх прыкметаў павінна была ведаць, дзе й каму моляцца тутэйшыя жыхары.

- У царкву мы ня ходзім, унучак, - растлумачыла старая. - Яна нам ня трэба. Мы ж у Бога ня верым.

- Як так?

- А-а… - няпэўна махае рукой бабулька. - Як камуністы былі, дык казалі, што Бога няма…

- А ён ёсьць, - кажу бабулі.

- Ёсьць, ёсьць, унучак, - ківае галавой тая. - Ёсьць, мы ня проціў…Толькі мы ў яго ня верым.

Вось ён, сіценскі сымбаль веры. Ведаць, што Бог існуе, і ня верыць у яго. Штосьці да болю знаёмае і вельмі беларускае. У краі, дзе тысячагодзьдзе таму прапаведаваў Торвальд Вандроўнік, на радзіме Эўфрасіньні, Сімяона ды Скарыны, у самай калысцы беларускага хрысьціянства - няма веры.

Калі падчас перакуру я паспрабаваў паразмаўляць пра Бога на эстакадзе з рабочымі, рэакцыя больш за ўсё нагадвала калектыўны прыступ шалу. "Што для нас гэты Бог зрабіў?.. Як камуністаў скінулі, усе вы за сьвечку і ў царкву! Чаму дзеці паміраюць, а Бог на гэта глядзіць?!. Вось мы тут прападаем, а яму ўсё роўна!.." Яны крычалі наперабой, аж захліпаючыся, як брэша зграя сабак, не жадаючы пачуць адказу, адчайна выплюхваючы ўсю сваю злосьць, і шпурлялі тыя выкрыкі, быццам камяні.

Дзіўная рэч: палітычныя прамовы тут праходзяць, а словы пра Бога выбухаюць, нібыта бомба.

"Страшны край, - сам-насам дзяліўся са мной уражаньнямі інжынэр, што прыехаў сюды зь Берасьцейшчыны, - тут жа нават як памрэ чалавек - не адпяваюць, не галосяць, не памінаюць толкам… Закапалі, як падлу, каб хутчэй выпіць, - і канец".

Сьвятар з Полацку прыяжджае ў Алёшчу ды Малое Сітна раз на год - пахрысьціць немаўлят. Далучыць, так сказаць, прыплод да паствы. Ня верыцца мне, што гэтак тутэйшыя душы будуць збаўлены. Ня верыцца, што ў Полацкай япархіі няма магчымасьці хаця б раз на месяц, хаця б у прыватнай хаце арганізоўваць хаця б адно набажэнства на абшары больш як 1 000 км2… Праваслаўны атэізм, інакш не назавеш.

І люд разважае: "Што нам Бог? Жылі неяк бяз Бога і памром сабе. Згніём, а пасьля ж нічога няма". Ці можа чалавек, які рыхтуецца адно згніць ды зьнікнуць, думаць пра лепшую будучыню? Пра краіну, праўду, свабоду?..

Бязьвер'е - найглыбейшы й самы чорны корань зла, што буяе ў Алёшчы і Малым Сітне. Невідушчыя вочы, апушчаныя абліччы, жабрацтва, алькагалізм, самагубствы сілкуюцца адсюль. З пустога сэрца.

У тое, што гэтых людзей успоіць хрустальны сасуд рыначнага сацыялізму, што іх накорміць гуманітарка з Амэрыкі, што іх выратуе наездамі раз на год бацюшка, у мяне веры няма.

Але ў тое, што Бог дасьць абуджэньне гэтаму краю, калі пераможам у 2006-м, - веру.

Малое Сітна

Павал Севярынец - у 1998-2004 лідэр незарэгістра-ванага "Маладога фронту". Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту пасьля рэфэрэндуму 2004 году. Цяпер у высылцы ў Малым Сітне, на поўначы Полаччыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?