Фота Дар'і Буракінай, TUT.BY

Фота Дар'і Буракінай, TUT.BY

Павел Сібілеў больш за месяц правёў у вайсковым шпіталі ў Мінску. Ён — той самы кіроўца грамадскага транспарту, якога параніла недалёка ад станцыі метро «Пушкінская», як мяркуецца, святлошумавой гранатай. Цяпер Павел выпісаўся і распавёў, як зноўку вучыўся хадзіць, як яму дапамагалі людзі і што ён думае пра сілавы разгон мірных акцый. Піша TUT.BY.

Гісторыя Паўла. «Прыпячатала гранатай, а зверху — кулямі»

Павел Сібілеў — пацярпелы ад сілавога разгону пратэстаў вечарам 10 жніўня. Яго аўтобус №163 (Сухарава — Варанянскага) апынуўся заблакаваным на дарозе паміж прыпынкамі ля станцый метро «Спартыўная» і «Пушкінская».

— Мы з узвышэння бачылі, што ўнізе, на «Пушкінскай», выбухі, воплескі, дымавая заслона, стральба, — распавядаў кіроўца TUT.BY яшчэ ў бальніцы.

Высадзіўшы пасажыраў, Павел і яго калегі з іншых аўтобусаў і тралейбусаў чакалі, калі можна будзе праехаць. Мужчына атрымаў раненне, калі вяртаўся ў салон.

— Заставалася толькі нагу падняць на прыступку — і мяне проста прыпячатала гранатай да аўтобуса. А потым яшчэ зверху кулямі… Гарэла кашуля, скура на спіне выбухнула і гарэла. Мяне як быццам паралізавала. Памятаю, што людзі тушылі, дапамагалі мне, выклікалі хуткую. Крычалі адзін аднаму, каб не было гармідару — баяліся, што сілавікі пачнуць страляць у натоўп людзей, — казаў мужчына.

Аднаўленне. «Спрабаваў хадзіць па дзве-тры хвіліны»

У вайсковым шпіталі Павел Сібілеў праляжаў месяц — з 10 жніўня да 11 верасня. Цяпер ён прыязджае ў Мінск з Маладзечна, дзе жыве, на перавязкі.

— Дзякуй лекарам, што мяне выратавалі і выпісалі, — кажа мужчына.

У той вечар ён быў проста на працы, а дыягназы — быццам пабываў на вайне. Павел паказвае сваю медычную выпіску: мінна-выбуховае раненне вобласці паясніцы з шырокім дэфектам мяккіх тканак, агнястрэльны пералом асцістых адросткаў LII-LIII пазванкоў, множныя паверхневыя раненні левага пляча, удар нырак.

Мужчына распавядае, што зноўку вучыўся хадзіць.

— Лекар дапамагаў, вучыў, мне давалі хадункі — і я спрабаваў хадзіць па дзве-тры хвіліны. Больш не мог, таму што вельмі балелі мышцы ног. Галава кружылася, яна і цяпер кружыцца часам, калі рэзка ўстаць. Рабіў практыкаванні на ложку. Упарта: раніцай, у абед і ўвечары. Ведаў: чым хутчэй пачну хадзіць, тым хутчэй мяне выпішуць. За дзесяць дзён да выпіскі я ўжо мог хвілін па 30 хадзіць, рухацца.

Да ранення Павел Сібілеў жыў у Мінску ў інтэрнаце ад працы, сам з Маладзечна — так што вярнуўся туды.

— Я там з першай жонкай, сям'я мне дапамагае, стараюцца. Спачатку дома, пасля шпіталю было няпроста. У бальніцы ложкі прыстасаваныя — ёсць за што ўхапіцца, каб цела прыпадняць і рукамі сябе пакласці як трэба. Дома такой выгоды не было. Ну нічога, паволі справіўся. Больш хадзіў, даваў нагрузку на ногі. Трошкі аднавіўся, — усміхаецца мужчына.

Ідзе па вуліцы Павел павольна, асцярожна пераступаючы з нагі на нагу.

— Наогул нармальна, але калі вялікі крок зраблю — можа рэзкі боль пайсці, баюся ўпасці. Трох пальцаў левай рукі не адчуваю: нямыя і перыядычна іх як быццам б'е токам. Лекары кажуць, што з часам павінна прайсці. Спіну не адчуваю яшчэ як мае быць. Згінацца магу, але паволі. Страх застаўся, быццам нешта можа трэснуць, парвацца, — смяецца. — Нага гоіцца — з яе на спіну скуру перасаджвалі. Наогул, медыкі кажуць, што з паўгода трэба на аднаўленне.

Па начах не дае спакою бессань. Каб справіцца з гэтым станам, Павел збіраецца да псіхолага.

— З 12 ночы да 4 раніцы кручуся направа, налева — не магу спаць.

Мужчына сумуе па працы. Кажа, у пасажырскіх перавозках ужо гадоў 15. Да працы ў Мінску быў кіроўцам, таксама аўтобуснікам, у Маладзечне. Два гады таму ўладкаваўся ў сталіцу, таму што «тут зусім іншыя заробкі».

— Спрабаваў неяк фуры, грузы — не маё гэта.

Што будзе, калі выздаравее, — не ведае.

— На працы «Ахова працы», пачытаўшы эпікрыз, сказала, што некаторыя дыягназы могуць перашкодзіць у далейшым працаваць у пасажырскіх перавозках. Шанцаў вярнуцца на аўтобус — 50 на 50.

Мужчына дадае, што з ім часта звязваецца напарнік, пытаецца пра самаадчуванне. Дапамагае прафсаюз.

— Заробкі за жнівень — кот наплакаў, я ж мала паспеў прапрацаваць у тым месяцы. Бальнічны толькі будуць выплачваць. Вялікі дзякуй людзям, якія назбіралі мне грошы, там на некалькі заробкаў, — распавядае Павел. — Праўда, ёсць такія, хто думае, што я на гэтай ране ўзбагаціўся, што мне нават пашанцавала — але гэта не так.

Пратэст. «Навошта патрэбна была гэтая стральба?»

Пацярпелы 10 жніўня кіроўца размаўляў са следчым у бальніцы.

— І сам я да іх ездзіў ужо, і яшчэ паеду. Відаць па камерах, што прыляцела граната мне ў спіну з боку «Пушкінскай», але хто яе выпусціў — не відаць.

Мужчына пасля выпіскі пачытаў і паглядзеў навіны па тэлевізары і ў Інтэрнэце і прыйшоў да такой высновы:

— Па тэлевізары ўсе хлусяць. Калі б я ў такой сітуацыі сам не пабываў і ўсяго гэтага не ўбачыў, я б таксама, можа, верыў ім. Ну навошта трэба было страляць? Ну стаяць людзі, пляскаюць — хай яны да дзвюх, да трох ночы стаяць! Пастаялі б і разышліся. Так, можа, там, на «Пушкінскай», і было некалькі правакатараў — пяць, дзесяць. Дык забярыце гэтых правакатараў менавіта, навошта ж усіх пад адзін грабянец з імі заграбаць? А ў аддаленні, наверсе па праспекце, дзе я быў, — там наогул цішыня была. Навошта трэба было страляць у гэты бок? — дзівіцца Павел.

Дадае, што неяк у Маладзечне, у краме, з ім пажылая жанчына разгаварылася. Зразумела, што Павел пасля бальніцы, — ён распавёў чаму.

— Яна мне кажа: «Ох, гэта ўсё гэтыя пратэстоўцы!» Я ёй сказаў, што не трэба так проста судзіць. Побач са мной былі мірныя людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?