Чарговай госцяй Youtube-канала «Жізнь-маліна» стала фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская. На пытанне журналіста, чаму беларусы павінны сабой ганарыцца, спартсменка адказала:
«Бо ёсць чым, як мінімум аб'яднанасцю, сілай духу, зноў жа, сваёй гісторыяй — шмат чым, асабліва цяпер, у такі час, калі мы паказалі сябе на ўвесь свет. Тое, як іншыя захапляюцца нашым спосабам выражэння незадаволенасці. Нас жа многія ўвогуле лічаць ледзь не часткай Расіі.
— Ты крыўдзішся?
— Такое чапляе.
— У цябе быў з гэтай нагоды фацінг на зборах, спаборніцтвах?
— Не, такога не было, але я доўга спрачалася з хлопцамі і дзяўчатамі расійскімі. Яны ўсе яшчэ там кажуць «Белоруссія» — і мяне дзіка бамбіла ў свой час. Але яны цяпер жартам так кажуць, дык я усіх і заўсёды выпраўляла. Калі яны ў сказе скажуць два разы — я два разы іх папраўляла. Добра, калі вы называеце нас Белоруссія, я буду называць вашу краіну Расісія.
Зразумела, ім цяжка такое ўспрымаць, бо афіцыйна назвы мяняліся — то так, то так. Але я, здаецца, адваявала, каб яны нармальна называлі краіну. Гэта ніяк не ўплывае на нашы стасункі.
Але калі паглыбіцца ў гісторыю, па-мойму, відаць, што мы не частка Расіі, мы асобныя людзі і ў нас ёсць досыць шмат адрозных рысаў.
— А можаш сфармуляваць для расіян, чым мы ад іх адрозніваемся?
— Мне здаецца, мы дабрэйшыя, больш ветлівыя. І тое, што мы суседнічаем з пэўнай колькасцю іншых краін — гэта таксама пакідае пэўны адбітак. Такая сумесь культур. У Беларусі ў прынцыпе такая высакародная гісторыя, і ўсё, што адбывалася з краінай і людзьмі, прарастае з пакалення ў пакаленне і мае свой адбітак. Для мяне гэта так, прынамсі».