Мала хто з беларусаў не ведае мястэчка Мір з славутым на ўсю краіну замкам ды прыхарошанай сем гадоў таму плошчай. Хто ў Міры не быў, мог пабачыць і замак, і местачковую плошчу ў знятым там летась навагоднім мюзікле «Батлейка». Цяпер жа ад аднаго з адноўленых і стылізаваных колькі гадоў таму «пад старыну» будынкаў застаўся толькі фасад. Будынак належыць «Беларусбанку». Зайшоўшы ў сярэдзіну таго, што засталося ад аддзялення № 411/7, можна пабачыць, што сцены ягоныя выкананыя з сілікатнай цэглы і блокаў, то бок з сучасных будматэрыялаў. «Мы пачалі рамонт у будынку два тыдні таму, ён быў у аварыйным стане, у працэсе стала зразумела, што давядзецца яго знесці» — патлумачылі ў мірскім філіяле банку. Са словаў супрацоўніка банку, будынак да верасня будзе адноўлены ў «першапачатковым стане». Дамок, як і астатнія збудаванні паабапал мірскай плошчы, не занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Варта адзначыць, што сучасны выгляд плошча мястэчка набыла ў 2002 годзе, калі ў Міры адзначаўся чарговы Дзень беларускага пісьменства і друку. Навуковым кіраўніком Замкавага комплексу «Мір» быў Дзмітрый Бубноўскі. Пад яго кіраўніцтвам вяліся працы і ў цэнтры мястэчка. Дамкі паабапал мірскай плошчы адносяцца да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. У 2002 годзе частку з іх знеслі, збудаваўшы на тым месцы гатэль і кавярню, рэшту перарабілі пад крамы і банкі.

Мясцовыя жыхары прыгадваюць, што рыхтавалі мястэчка да свята поспехам, з адставаннем ад запланаваных тэрмінаў. Думаецца, што такая самая сітуацыя добра знаёмая і жыхарам іншых гарадоў і мястэчак, дзе адбываліся святкаванні Дзён пісьменнасці ці «Дажынак».

Старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі культуры» Антон Астаповіч кажа, што выпадак у Міры наглядна ілюструе, якім чынам у сучаснай Беларусі абыходзяцца з архітэктурнай спадчынай. «Гэта тыповы прыклад рэканструкцыі па-беларуску, калі пад пэўную нагоду разбураецца гістарычная забудова, а на яе месцы наспех будуюцца муляжы». Сп. Астаповіч мяркуе, што такім чынам адказныя за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны чыноўнікі закладаюць міну запаволенага дзеяння пад рэканструяваныя пры іхнім жа ўдзеле аб’екты. Пагаджаецца з ім і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі: «Хто будзе шкадаваць у будучыні тыя сілікатныя муляжы, калі ў іх не засталося нічога аўтэнтычнага?» Тое што будучыня падобных прадуктаў сучаснай рэканструкцыі можа быць і вельмі блізкай, засведчыў будынак у Міры — з моманту апошняга аднаўлення не прайшло і сямі гадоў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру