Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by чаму ніякія спробы ўладаў спыніць пратэсты больш не працуюць.

Я таксама бачыў дзядзьку, які пстрыкае балонікі ў прапагандысцкім эфіры, і нават захаваў гэты відос на добры ўспамін. Гэта такі выпадак, калі рот крычыць, а ў вачах — роспач. Добрая замена «Лебядзінага возера» ў сімвалічным полі, абяцаю, будзем пераглядаць праз 10 гадоў.

Чаму ён крычыць, я ведаю, тут нашмат цікавей тое, адкуль бярэцца роспач. А роспач паходзіць ад таго простага факту, што тыя, хто спадзяваўся, што будзе «як раней», ніяк не могуць уразумець, чаго ж гэта пасля соцень распачатых крымінальных справаў, пасля 13 тысяч арыштаваных людзі працягваюць выходзіць.

І, галоўнае, чаму чым больш «прэвентыўных захадаў» робіцца, тым больш гэтых бел-чырвона-белых дзецюкоў выходзіць.

У іх галовах нешта капітальна не сыходзіцца. Раней беларусы былі як той сабачка Паўлава: стымул/рэакцыя. Ляснулі па азадку — схаваліся пад лаву, паклалі ежы ў талерку — пачалася любоў.

А тут уся моц і краса сістэмы, мабілізаваная на прыпужванне і прылашчванне, — і анічога не атрымліваецца.

Бо яны, глядзіце вы, нават смскі масава разаслалі, думаючы, што тыя, хто выходзіць не выключаючы мабілаў, не разумеюць выдатна, што будуць ідэнтыфікаваныя (насамрэч усе разумеюць і ўсім пофігу).

Ужо і ТУТ.бай статусу СМІ пазбавілі, спадзяваючыся, што за пратэстамі стаяў ТУТ.бай, калі ўжо ўсіх астатніх патэнцыйна датычных яшчэ тыдні таму надзейна ізалявалі. Яны вунь нават акрэдытацыі ўсіх замежных карэспандэнтаў анулявалі і ўвялі перарэгістрацыю: перарэгістрацыя — гэта іх улюбёны прыём, дзякуючы якому яны ў 1999-м дадушылі ўсе палітычныя партыі.

І што, хіба меней відосаў стала ў тэлеграме? І што, той самы выпадак з «сінім кітом» не знялі з усіх магчымых ракурсаў?

Не працуе ўсё ранейшае, а што працуе — прыводзіць да адваротных вынікаў.

Мы як у тым свежым кіно Нолана — імкліва, з паскарэннем рушым назад у 1994-ы, але робячы слушныя крокі там, дзе папярэдне рабілі памылкі (тут трэба заўважыць, што сітуацыя, калі з выступаў кардонных праўдарубаў рагатала ўся краіна, ужо была, але тыя праўдарубы заставаліся надоўга і потым нават выкладалі журналістыку ў статусе карыфеяў, а цяпер змагаюцца ў дэмакратычных камін-аўтах).

І ведаеце, у чым сакрэт гэтым разам?

Той сакрэт, які яны не могуць зразумець?

Сістэма і ўсе яе кампаненты ператварыліся з інструментаў легітымнага гвалту ў раздражняльнік, які акурат і вымушае людзей выходзіць пратэставаць.

Алгарытм просты: чым больш яны «рыхтуюцца» на тыдні, чым больш новых натхнёных мераў прымаюць, каб закансерваваць грамадзян у кватэрах (кшталту прэвентыўных арыштаў, «страшных» сюжэтаў па ТБ), тым болей людзей выходзіць.

Калі яны робяць перадых і «адпускаюць» сітуацыю, не прыпужваюць, не «рыхтуюцца», не вяшчаюць з высокіх трыбун, на пратэстоўцаў нападае млявасць.

У чым таямніца учарашняга масавага выхаду? Надвор’е? Дык надвор’е добрым было і ў папярэднія тыдні, калі такіх масаў не збіралася. Сустрэча Ціханоўскай з Макронам як сведчанне канчатковай страты Мінскам міжнароднага прызнання? Дык, па шчырасці, не за Ціханоўскую выходзяць пратэстоўцы, зусім не за Ціханоўскую. То, атрымліваецца, дапамаглі акурат «прэвентыўныя меры». Чым грамчэй будуць папярэджваць пра «недапушчальнасць», з тым большай імавернасцю тая «недапушчальнасць» адбудзецца.

І гэта гарантыя таго, што пратэсты нікуды не знікнуць.

Бо кіраваць дзяржавай і анічога не рабіць і анічога не казаць немагчыма. А любыя — літаральна любыя — дзеянні старой улады сустракаюць уставанне масаў на дыбкі.

І гэта тая патавая сітуацыя, калі нават абяцанне змяніцца, уключыць «лібералізацыю» і перастаць выкарыстоўваць астрог як адзіны інструмент кіравання (вы ўявіце сабе, калі б зараз Трамп пасадзіў Байдэна!) нікога не супакоіць. Бо абяцанкі таксама ўжо былі за гэтыя 26 гадоў.

І ім таксама ўжо ніхто не верыць.

Ну і, па сутнасці, падумайце самі, таварышы: самае паганае, што можна рабіць, калі ў краіне ўсё пачало сыпацца, — гэта прыпужваць і лютаваць. Бо што дрэннага вы яшчэ можаце зрабіць з гэтым народам? Пасадзіць? Дык ужо сядзелі. І тыя, хто сядзеў, зноў выходзяць. Завесці крымінальную справу? І хто — у тым ліку ў вашых шэрагах — верыць у тое, што тая справа будзе даведзеная хаця б да суда? Што ў гэтай сістэмы засталося настолькі шмат часу, каб засудзіць 250 чалавек па крыміналцы і потым пратрываць тыя 5 гадоў, якія ім будуць прысуджаныя?

То калі хочаце, каб усё адбывалася павольна і маркотна — не рабіце і не кажыце нічога.

Калі хочаце паскорыць — застрашвайце! Папярэджвайце аб недапушчальнасці! Звальняйце і затрымлівайце! Але ў нядзелю не здзіўляйцеся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?