5 кастрычніка штаб лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай агучыў імёны некаторых людзей, якія ўваходзяць у каманду. Старшым дарадцам Святланы названы Аляксандр Дабравольскі. «Наша Ніва» скарысталася гэтай нагодай і задала палітыку некалькі пытанняў.

Аляксандр Дабравольскі. Фота belgazeta.by.

Аляксандр Дабравольскі. Фота belgazeta.by.

«Наша Ніва»: Калі казаць груба, то вы хто цяпер — прэм’ер-міністр ва ўрадзе Святланы Ціханоўскай?

Аляксандр Дабравольскі: (смяецца). Ну не, я проста дарадца. Дарэчы, з’яўляюся такім з 1 ліпеня.

«НН»: У чым заключаюцца вашы функцыі?

АД: Дарадчыя па ўсіх пытаннях. Калісьці мы сустрэліся ў першы раз, паразмаўлялі, з таго часу і працуем. Ніякіх адміністрацыйных функцый я не маю.

«НН»: А на якія тэмы вы раіце Святлане?

АД: Гэта тычылася пытанняў прэзідэнцкай кампаніі, як яе арганізоўваць. Асноўныя тэзісы, якія агучваюцца штабам Ціханоўскай, прымаюцца з маім удзелам.

«НН»: Вы падказваеце ёй тое, што Ціханоўская можа сама не бачыць?

АД: Так, і гэта таксама. Шмат людзей працуе з ёй. Мы абмяркоўваем і зацвярджаем. Я хачу сказаць, што далёка не з усім яна пагаджаецца. У яе ёсць велізарнае пачуццё адказнасці — гэта, можа быць, нават самае галоўнае ў ёй. Чаму я вырашыў увогуле, што ёй трэба дапамагаць?

Бо ў Святланы вельмі ярка выражанае пачуццё справядлівасці і адказнасці. Калі Ціханоўскай трэба нешта ўдакладніць, то яна звяртаецца да мяне і не толькі.

«НН»: Хто вас пазнаёміў?

АД: Сябры яе каманды, якія збіралі подпісы, параілі Святлане звязацца са мной. Яна пазваніла, і з таго часу працуем разам.

«НН»: Ідэя з прадстаўнікамі Святланы Ціханоўскай у розных сферах — можа быць, ваша?

АД: Гэтая ідэя са мной абмяркоўвалася. Яна вынікае з простых рэчаў: Святлане неабходныя дарадцы ў розных сферах.

Калі Ціханоўская сустракаецца з высокімі чыноўнікамі з іншых краін, то вельмі часта задаюць пытанні: напрыклад, з кім мы можам далей кантактаваць у пытанні правоў чалавека. Такія пытанні былі неаднаразова. Мы раілі пэўныя арганізацыі, але просяць асобу, якой давярае Ціханоўская.

Тое самае ў эканоміцы — калі гавораць пра эканамічную падтрымку, пра магчымы «план Маршала» для Беларусі, то заўсёды ўзнікае пытанне, з кім далей гэта абмяркоўваць на экспертным узроўні.

«НН»: Працяг прызначэнняў ва «ўрадзе» Ціханоўскай будзе?

АД: Ніхто з гэтым спяшацца не будзе. Калі адчуем патрэбу ў нейкай сферы, тады так.

«НН»: Як старшы дарадца…

АД: (смяецца). Не ведаю, хто мяне так назваў «старшым дарадцам», хіба што па ўзросце.

«НН»: Тым не менш, як старшы дарадца, раскажыце, якія кірункі дзейнасці Святланы Ціханоўскай цяпер у прыярытэце?

АД: Асноўнае — спрыяць таму, каб адбыліся перамовы па выхадзе з палітычнага крызісу. Трэба, каб у Беларусі былі ўмовы для перамоў, а таксама, каб былі пасярэднікі.

І хоць Каардынацыйная рада ад самага пачатку заявіла пра неабходнасць перамоў, беларускія ўлады задзерлі нос і не хочуць чуць уласны народ, таму міжнароднае пасярэдніцтва было б карысным. Неабходна, каб улады адчулі, што гэта ўзаемны інтарэс, і яны ў гэтых перамовах зацікаўленыя не менш за іншы бок. Канечне, яны лічаць, што найлепш нічога не мяняць, але ўжо бачна, што так не будзе. Важна, каб болей ахвяр не было і Беларусь пайшла шляхам дэмакратызацыі.

«НН»: Вы бачыце перадумовы для таго, каб улады пайшлі на дыялог?

АД: Відавочна, што толькі грамадскі ціск можа да гэтага прывесці. Калі людзі пакажуць, што не будуць падпарадкоўвацца такой уладзе, якая не паважае свой народ, то так.

Каб стварыць хаця б мінімальную атмасферу даверу, неабходнае вызваленне палітвязняў. Найлепшым выхадам у цяперашняй сітуацыя было б правядзенне новых выбараў. Ніхто не кажа, што трэба знішчыць усіх чыноўнікаў ці нешта такое. Гэта глупства. Трэба знайсці кампраміс, каб больш ахвяраў не было.

«НН»: Ці ёсць нейкі кантакт з прадстаўнікамі ўладаў хаця б на асабістым узроўні?

АД: На асабістым шмат кантактаў. Настроі розныя. Адныя кажуць, што застаецца перачакаць «пару месяцаў» палітычнай няяснасці, праўда, раней яны казалі пра пару тыдняў. Мы ж бачым, што проста так усё не скончыцца. І гаворка не толькі пра вулічныя пратэсты, але і пра арганізацыю ўнутры грамадства. Думаю, гэта ўсё прывядзе да народнага самакіравання, з якім ніхто не зможа адмовіцца гаварыць.

Некаторыя ж чыноўнікі кажуць, што трэба размаўляць, але ніхто не бярэ на сябе адказнасць. Для мяне відавочна, што і дзяржапарат ужо працуе абы-як і не хоча выконваць дурныя загады, многія звальняюцца. Адзінае, чым Лукашэнка на сёння эфектыўна кіруе, — гэта АМАП.

«НН»: Даводзілася чуць ад радыкальнай часткі прыхільнікаў перамен, што вы сярод тых у акружэнні Святланы Ціханоўскай, хто злівае вулічны пратэст. Што на гэта адкажаце?

АД: Цяпер усё вельмі моцна дэцэнтралізавана. І цэнтралізацыя можа быць не дужа карыснай, бо з такім пратэстам лёгка змагацца.

Прапаную ўсім, хто лічыць, што пратэст павінен быць узмоцнены, заняцца гэтай справай. І даказаць на ўласным прыкладзе, што можна рабіць лепш. Штаб Святланы Ціханоўскай пратэстамі не займаецца, але відавочна, што мы на баку тых людзей, якія пратэстуюць.

Святлана іх вітае і паважае, яна вельмі хоча вярнуцца ў краіну, дзе нарадзілася і якую любіць. Лічыце, што можаце рабіць лепш, — рабіце.

«НН»: Вы дарадца Ціханоўскай ад 1 ліпеня, як яна змянілася за гэты час?

АД: Я скажу аб тым, што ў ёй было і засталося ранейшым — гэта пачуццё справядлівасці і ўнутраны стрыжань. Відавочна, што яна засталася адкрытым і зразумелым усім чалавекам. Што змянілася? Узмацнілася пачуццё адказнасці. А таксама з’явіўся вялікі палітычны досвед. Яна, вядома, яшчэ не доктар палітычных навук, але імкліва вучыцца. Магчыма, і неабавязкова ёй быць такой, у нас шмат разумных людзей, але патрэба грамадства ў тым, каб чалавек быў шчырым, цвёрдым і да яго быў давер. Святлана якраз такая.

«НН»: Асабістае пытанне: вы цяпер у Беларусі ці з’ехалі?

АД: Я з’ехаў амаль адразу за Святланай. Ёй патрэбна была дапамога ў Вільні. Нас спачатку было ўсяго двое вакол Ціханоўскай, цяпер значна болей. Мы плануем вяртацца: пытанне як, хутчэй ці троху пазней. У нас вялікае жаданне да Новага года вярнуцца ў вольную Беларусь.

***

Аляксандр Дабравольскі

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў Суле Стаўбцоўскага раёна. Па адукацыі — інжынер-радыёфізік. Працаваў у Канструктарскім бюро дакладнага электроннага машынабудавання (1982—1990). У 1989 быў абраны народным дэпутатам СССР, дзе працаваў разам з Сахаравым, Ельцыным, Быкавым, Адамовічам. Адзін з стваральнікаў Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, а таксама сацыялагічнай службы НІСЭПД. Быў дэпутатам Вярхоўнага савета Беларусі. Адзін з лідараў АГП. З 2008 — дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?