Пачаў сваю працу Беларускі фонд культурнай салідарнасці. Ён паўстаў як адказ на палітычны крызіс у краіне.
Творцаў, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, звальняюць з працы, арыштоўваюць, зрываюць выступы і аказваюць псіхалагічны ціск. Гэты факт абурае культурную супольнасць. Больш за 1200 дзеячаў культуры і мастацтва падпісалі адкрыты ліст да ўладаў з патрабаваннем прызнаць прэзідэнцкія выбары несапраўднымі і спыніць гвалт сілавых структур. Каб падтрымаць прадстаўнікоў беларускай культурнай супольнасці, быў створаны Беларускі фонд культурнай салідарнасці.
Галоўная мэта фонду — юрыдычна, матэрыяльна і псіхалагічна дапамагчы прадстаўнікам культурнай супольнасці Беларусі. Тым, хто былі/будуць звольненыя альбо сышлі на знак пратэсту ці аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Другі кірунак дзейнасці фонду — спрыянне вольнаму крэатыву праз падтрымку ідэй. Перавага будзе аддавацца хуткім у плане рэалізацыі праектам (вулічныя графіці, творчы перформанс, відэа-арт ды іншае).
Фонд узначалілі Cяргей Будкін, культурны менеджар і прадзюсар, і Марына Шукюрава (Руся), спявачка ды актывістка.
Беларускі фонд культурнай салідарнасці з’яўляецца адгалінаваннем фонда BY_SOL. Яго дзейнасць таксама падтрымліваюць прадстаўнікі беларускай дыяспары і бізнэс-колаў.
Медыйнай пляцоўкай Беларускага фонду культурнай салідарнасці будзе адноўлены TuzinFM — інфармацыйны партал пра культурны супраціў і актуальную культуру.
Падрабязнасці — на старонцы фонду і ў суполцы ў Facebook.