Жорстка збіты сілавікамі Мікіта Домрачаў — брат біятланісткі Дар'і — у інтэрв'ю «Трыбуне» падзяліўся меркаваннем аб сітуацыі ў краіне і аб магчымай рэакцыі сястры на тое, што адбылося з ім.

kp.by

kp.by

— Якое ў вас стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне?

— Па-мойму, тут відавочна, якое маё стаўленне і стаўленне грамадства да ўсяго, што мы назіраем. Толькі немагчыма беларусам дагрукацца ні да каго — ні да ўладаў, ні да сілавікоў. Людзям хочацца вярнуць усё ў чалавечае, законнае рэчышча, але пакуль не атрымліваецца гэта зрабіць. Ва ўсіх адна пазіцыя, і я не ведаю людзей, якія падтрымліваюць усё, што адбываецца. Усе людзі ў маім асяроддзі проста здзіўляюцца, чаму Беларусь перажывае такія падзеі.

— Вы самі ў акцыях і маршах удзельнічаеце?

— Не, ніколі не хадзіў. Я бачу, што адбываецца, але ў акцыях не ўдзельнічаю, бо адчуваю, што яны не зусім бяспечныя. Бачыў, як гінулі людзі, а ў мяне маленькае дзіця, і мне важна клапаціцца пра дачку. Я займаюся цяпер сваёй сям'ёй.

— У сувязі з усімі гэтымі падзеямі беларусы сталі баяцца міліцыі. У вас ёсць страх перад людзьмі ў форме?

— Я баюся не міліцыі, а незразумелых людзей у чорных масках і без апазнавальных знакаў, якія збіваюць беларусаў на вуліцах. Яны як бандыты нападаюць на людзей, не прадстаўляюцца і проста ўсіх запар збіваюць. Не ведаю, хто гэта, можа, адкуль іх прывезлі.

Проста не разумею, як можна абыходзіцца так з народам той краіны, у якой ты жывеш. Жанчыны, пажылыя людзі — усе трапляюць у гэты замес.

— У вас няма жадання з'ехаць з Беларусі?

— Пакуль няма.

— Наперадзе ў вас суд. Чым, па-вашаму, скончыцца ўся гэтая сітуацыя?

— Шчыра, не ведаю. Хоць лічу, што трэба быць гатовым да розных вынікаў. На суткі пасадзяць ці дадуць штраф? Усе справы ў нас праходзяць па адным сцэнары. Як пішуць пратаколы, так і разглядаюцца ўсе справы ў судах. І вынік усіх гэтых разглядаў, па-мойму, відавочны.

— Вы ўжо сказалі, што ваша сястра Дар'я ў курсе ўсёй сітуацыі.

— Так, як толькі яна сама пра ўсё даведалася з інтэрнэту, спрабавала звязацца са мной. Але я не мог учора з ёй паразмаўляць. І на момант нашага інтэрв'ю пакуль не стэлефаноўваліся, тым больш у нас вялікая розніца ў часе — яна ж у Кітаі цяпер.

Даша цяпер працуе ў іншай краіне, і магу сказаць, што ў яе вялікія праблемы з інтэрнэтам. У Кітаі блакуюць усе сацсеткі, трэба быць блізкім да ўладаў чалавекам, каб мець туды доступ. Больш таго, нават у самай зборнай Кітая па біятлоне праблемы з выхадам у сетку. Спартсмены і трэнеры зараз знаходзяцца ў нейкіх гарах, правінцыях, трэніруюцца на далёкіх базах. І цывілізацыяй там, мякка кажучы, не пахне.

Ну, а наконт якіх-небудзь каментароў, гэта асабістая справа кожнага — казаць ці не. Я таксама не магу абмяркоўваць рашэнне сястры. Не бяруся ні асуджаць яе, ні прасіць неяк каментаваць. У кожнага свае абставіны і свае рашэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0