Прэмія Гедройца

15 кастрычніка, 20.00 

Пачнём з пачатку: ужо ў дзень адкрыцця фестывалю на яго пляцоўцы будзе агучана імя лаўрэата прэміі Гедройца — найбуйнейшай і, напэўна, найпрэстыжнейшай незалежнай літаратурнай прэміі ў краіне, якая ўручаецца з 2012 года і раз-пораз суправаджаецца скандаламі ў пісьменніцкай тусоўцы. Сёлета на яе намінаваны кнігі шасці аўтараў: Адама Глобуса, Андрэя Адамовіча, Ганны Севярынец, Вольгі Гапеевай, Сяргея Дубаўца і Зараславы Камінскай.

Лінор Гаралік

Пад другім пунктам у нас комплекс мерапрыемстваў, звязаных з імем Лінор Гаралік — паэткі, пісьменніцы і стваральніцы персанажа Зайца ПЦ. Госця будзе ўдзельнічаць у «Прадмове» анлайн, але тым не менш адкрые выставу сваіх коміксаў «Я ўсё выправіў да горшага: Заяц ПЦ і яго ўяўныя сябры», разам з аўтарам «Адзіноты ў сеціве» Янушам Леонам Вішнеўскім паўдзельнічае ў дыскусіі пра пісьменніка і выклікі часу, а разам з Віктарам Марціновічам паразважае пра тое, чаму пішуцца антыўтопіі.

Януш Вішнеўскі

16 кастрычніка, 17.00

Што да польскага пісьменніка Януша Леона Вішнеўскага, то ён не толькі далучыцца да ўжо згаданай сустрэчы, але і асабіста прадставіць пераклад на беларускую мову сваёй кнігі «Канец адзіноты», што служыць працягам бестселера «Адзінота ў сеціве». У свой час аўтар клапаціўся аб тым, каб пераклад «Канца» на беларускую мову выйшаў хутчэй, чым пераклад на рускую. На прэзентацыі пісьменнік разам з перакладчыцай Ганнай Янкута паразважае пра сваіх персанажаў, а таксама пра тое, «ці працуюць праз 20 гадоў тыя ж прыёмы «літаратурных стасункаў у сеціве».

Фільм «Возера радасці»

18 кастрычніка, 12.00 

Той рэдкі выпадак, калі беларуская літаратура ўвасабляецца ў беларускім кіно, можна будзе абмеркаваць на паказе і абмеркаванні кароткаметражнага фільма «Возера радасці», які Аляксей Палуян зняў паводле аднайменнай кнігі Віктара Марціновіча. У сустрэчы будуць удзельнічаць уласна Віктар Марціновіч і Мікалай Лаўранюк, што збірае беларускую частку кінафестывалю «Лістапад».

Прэзентацыя «Локісаў» Артура Клінава

18 кастрычніка, 17.00

Год таму пісьменнік, мастак і яшчэ шмат хто Артур Клінаў скончыў кнігу «Локісаў», дзе з абсурднымі прыгодамі і відавочнымі адсылкамі да беларускай рэчаіснасці расказваецца пра рэвалюцыю ў невялікім беларускім мястэчку. У апошнія месяцы кніга выявілася асабліва актуальнай і нават прароцкай — пэўна, гэта і стане галоўнай тэмай прэзентацыі, зрэшты, новы твор аўтара раманаў «Мінск. Горад Сонца» і «Шалом» цікавы сам па сабе.

Падрабязную праграму фестывалю і расклад падзей можна паглядзець тут

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?