Адваката Юлію Леванчук пазбавілі ліцэнзіі. Такое рашэнне 15 кастрычніка прыняла кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі, піша Tut.by
Пасяджэнне камісіі доўжылася каля дзвюх гадзін. Вынік — пазбаўленне ліцэнзіі.
— Камісія спыніла дзеянне маёй адвакацкай ліцэнзіі. З рашэннем я не згодная, планую абскардзіць яго ў судовым парадку. Да суда я яшчэ буду з'яўляцца членам Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў — распавяла TUT.BY Леванчук.
Прычынай разгляду пытання аб спыненні дзеяння ліцэнзіі на камісіі стала асабістая перапіска адваката з сяброўкай.
— Да моманту разгляду справы ў судзе я не хацела б дзяліцца падрабязнасцямі, усё ж такі гэта ў далейшым будзе прадметам судовага разбору. Магу сказаць толькі, што прычынай стала асабістая перапіска, — патлумачыла Леванчук.
Юлія Леванчук — адвакат Максіма Харошына, уладальніка кветкавай крамы, збітага на днях.
Акрамя Леванчук, сёння кваліфікацыйная камісія разгледзіць пытанне аб спыненні дзеяння ліцэнзіі адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанкі.





