Дзеянне ліцэнзіі адваката Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай Аляксандра Пыльчанкі спыненае з 16 кастрычніка, паведаміў Пыльчанка Tut.by.

Нагадаем, 15 кастрычніка кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі на пасяджэнні рэкамендавала пазбавіць ліцэнзіі Аляксандра Пыльчанку.

Ліцэнзія адваката дзейнічала да атрымання Пыльчанкам пісьмовага рашэння Мінюста. Яго Пыльчанка атрымаў, у рашэнні пазначана, што ліцэнзія перастае дзейнічаць ад 16 кастрычніка.

Сутнасць прэтэнзій да адваката — у яго каментары Tut.by. У публікацыі ад 14 жніўня Аляксандр Пыльчанка распавёў, якія паўнамоцтвы мае генпракурор і якія дзеянні можа распачаць па апублікаваных у СМІ відэа і сведчаннях збіцця людзей 9-12 жніўня ў РУУС і ІЧУ. Юрыст заявіў, што генеральны пракурор Беларусі павінен распачаць крымінальныя справы па фактах збіцця мірных грамадзян, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі. Юрыст таксама адзначыў, што Генпракуратура павінна адхіліць ад займаных пасад на час праверкі міністра ўнутраных спраў, яго намеснікаў і начальніка ІЧУ да высвятлення іх дачынення або недатычнасці да таго, што адбылося.

Паводле заявы Мінюста, Аляксандр Пыльчанка «дапусціў у СМІ некампетэнтныя каментары і фактычна заклікаў да супрацьпраўных дзеянняў, у тым ліку да «блакавання і раззбраення воінскіх падраздзяленняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0