Аглядальнік СТБ Яўген Пуставы раней асвятляў рабочыя паездкі Лукашэнкі і расказваў, як павысіць надоі. Але славу набыў дзякуючы працы не рэпарцёра, а прапагандыста.

Пад палітычны стэндап Пуставога выдзелілі асобную рубрыку — «Палітыка без гальштукаў і купюр». У баявой стойцы ён расказвае, як пратэст здзімаецца, а Ціханоўская псуе імідж краіны.

«Азлобленыя маргіналы помсцяць за тое, што сталіца не адгукнулася на іх заклікі «выходзь», — каментуе ён блакіроўку дарог пратэстоўцамі. — Гэта нават не пакрыўджаная меншасць, цяпер сярод іх большасць радыкалаў з крымінальным вопытам».

Скрыншот СТБ

Пуставы кажа, што трапіць у «чорную кнігу Беларусі» (тэлеграм-канал, які публікуе асабістыя дадзеныя сілавікоў) для яго — як крапавы берэт для супрацоўніка ўнутраных войск.

Прапагандыст прыбягае да спецэфектаў — лопае шарыкі ў эфіры, каб наглядна паказаць, як «лопнула спроба захопу ўлады».

У гэтую нядзелю ён працаваў рэпарцёрам на маршы. У кадры спрабаваў перакрычаць натоўп, які скандуе «Колькі каштуе сумленне?».

Шлях ад Камянца да сталіцы

Яўген паходзіць з Камянецкага раёна. 

«Вырас, як пісаў Якуб Колас у «Новай зямлі», «на лес гледзячы». Таму найлепшы сельскагаспадарчы рэпарцёр краіны — самы дарагі камплімент, які я калісьці чуў», — расказваў ён у інтэрв’ю.

Журналісцкую кар’еру мужчына пачынаў на рэгіянальным ТБ — быў карэспандэнтам ТРК «Брэст». Пасля яго ўзялі ў Белтэлерадыёкампанію карэспандэнтам па Брэстчыне. А потым Яўген паехаў у сталіцу.

У 2013-м ён змяніў БТ на малазаўважны «Мір». 

«Калектыў інфармацыйнай службы — проста любата, адны дзяўчаты-прыгажуні, я — адзіны сярод карэспандэнтаў прадстаўнік мужчынскага полу. Прырос тут, атрымліваецца, як лопух сярод руж, чаму дагэтуль нарадавацца не магу», — захапляўся ён тады. 

На СТБ Пуставы працуе палітычным аглядальнікам. Па словах калег, мантажорам з ім цяжка — Яўген можа завесціся з паўслова і зладзіць калегам істэрыку.

Набожны і нежанаты

Балака, шумны, вясёлы — апісваюць Пуставога знаёмыя. А яшчэ вельмі набожны — часта чытае малітвы і гутарыць пра Бога. На Вялікдзень журналіст здымаў рэпартаж у Жыровічах.

Прыклаўся да абразоў, абняўся з бацюшкамі — і захварэў пасля на каранавірус: у манастыры ў той час была эпідэмія.

Цікава, што гісторыя на гэтым не скончылася. Падчас каранціну Яўген вырашыў зазірнуць у рэдакцыю, чым не надта абрадаваў калег. За датэрміновы выхад з самаізаляцыі яго пазбавілі прэміі.

Пуставы любіць рабіць кампліменты дзяўчатам. Сам ён нежанаты.

Ці служыў Пуставы, невядома, але ваенная тэма яго па-сапраўднаму захапляе.

«Любы сапраўдны мужчына любіць зброю, камуфляж, навіны з колерам хакі. Армія — гэта такі інстытут дзяржаўнай улады, які заўсёды цікавіць гледачоў», — казаў ён.

Дыфірамбы ад душы

«Наша Ніва» хацела пагутарыць з Яўгенам, але кіраўніцтва СТБ не дало згоды на інтэрв’ю.

«Мы з вамі па розныя бакі, але за праўду», — толькі і адказаў журналіст.

Скрыншот СТБ

Калегі Пуставога пацвярджаюць: ён шчыра верыць у тое, што расказвае з экрана. Не цураецца слова «прапагандыст» і лічыць Уладзіміра Салаўёва за куміра.

«Ён горача любіць нашу ўладу і будзе пець дыфірамбы да апошняга», — характарызуюць журналіста.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?