Адна з найлепшых беларускіх юрыстаў, медыятар і член прэзідыума Каардынацыйнай рады Лілія Уласава з 31 жніўня знаходзілася ў СІЗА. Пасля таго, як туды на нечаканы «дыялог» прыехаў Александр Лукашэнка, палітзняволеныя пачалі паступова выходзіць на волю. 

Пра тое, што ў ліку тых, каму меру стрымання змянілі на хатні арышт, ёсць Лілія Уласава, 19 кастрычніка паведаміў Юрый Васкрасенскі: жанчына выйшла з СІЗА КДБ яшчэ ўвечары 16 кастрычніка, і Васкрасенскі сам адвёз яе дадому. А сёння, 23 кастрычніка, стала вядома, што з Уласавай увогуле знялі ўсе абмежаванні.

Амаль праз тыдзень знаходжання Ліліі дома Уладзімір Іскарцаў, яе муж, распавёў «Нашай Ніве», як сябе цяпер адчувае жонка.

Уладзімір кажа, што ў пятніцу ў яго было прадчуванне, што нешта адбудзецца.

— А калі яе прывезлі, ледзь стрымаў слёзы, з вялікай цяжкасцю, — дзеліцца мужчына. — Ліля была ў абсалютным стрэсе, і нават сваякам мы да панядзелка не расказвалі, што яна ўжо дома.

Радаваўся вяртанню гаспадыні і сабака Жуля: не адыходзіў ад яе паўдня, лашчыўся. Праўда, выгульваць яго можна толькі ў двары, на тэрыторыі дома. Гэта адна з умоў хатняга арышту. Камунікуе ж Лілія толькі з мужам і адвакатамі.

— Да нас тры разы на дзень, ранкам, днём і ўвечары прыходзілі так званыя наглядчыкі, каб кантраляваць, ці сапраўды дома жонка. На днях завіталі амаль у 23.45, і да гэтага часу прыйшлося не спаць, чакаючы. Але мы ўсе ўмовы выконвалі, бо баяліся, каб Лілю зноў не перавялі пад варту праз парушэнне рэжыму, — расказвае Уладзімір.

Мужчына таксама адзначае, што адчувае сябе жонка не лепшым чынам: мучаць галаўныя болі, яна дрэнна спіць.

— Ëй патрэбнае лячэнне і рэабілітацыя, каб набрацца сіл і ад усяго адключыцца. Нават псіхалагічная траўма тут, думаю, цяжкая, — кажа суразмоўца.

Нагадаем, Лілію Уласаву затрымалі 31 жніўня. Рабілі гэта супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК. У доме Уласавай правялі ператрус. Потым стала вядома, што ў дачыненні да яе распачалі крымінальную справу па ч. 2 арт. 243 КК РБ (Ухіленне ад выплаты падаткаў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?