Золатавалютныя рэзервы ў красавіку зноў скараціліся амаль на 400 млн даляраў ЗША.

Міжнародныя рэзервовыя актывы (золатавалютныя рэзервы) Беларусі, разлічаныя па стандартах МВФ, скараціліся ў красавіку на 390,4 млн. даляраў (на 9,8%) і на 1 мая дасягнулі 3 млрд. 564,8 млн. даляраў ЗША. Такія звесткі абнародаваны Нацыянальным банкам Беларусі.

На 1 студзеня 2009 года памер золатавалютных рэзерваў Беларусі па методыцы МВФ складаў 3 млрд. 61,1 млн. даляраў. Увесь час з пачатку года ажыццяўляліся запазычанні на замежных рынках, а таксама прыходзілі іншыя паступленні памерам 1 млрд. 913 млн. даляраў ЗША, якія былі залічаны ў склад золатавалютных рэзерваў.

У прыватнасці, у студзені 2009 года Беларусь атрымала першы транш крэдыту МВФ у памеры 788 млн. даляраў ЗША, у лютым — 625 млн. даляраў ад продажу чарговага пакета акцый ААТ «Белтрансгаз», у сакавіку Беларусь атрымала чарговы транш расійскага крэдыту на суму 500 млн. даляраў ЗША.

За 2008 год золатавалютныя рэзервы Беларусі скараціліся на 1 млрд. 121,1 млн. даляраў, нягледзячы на першы транш расійскага крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў, які паступіў у лістападзе, і ў снежні — крэдыту Венесуэлы ў 500 млн. даляраў. З улікам гэтых сродкаў сукупнае зніжэнне золатавалютных рэзерваў у 2008 годзе склала каля 2 млрд. 621,1 млн. даляраў.

Згодна з методыкай МВФ, міжнародныя рэзервы Рэспублікі Беларусь вызначаюцца як высокаліквідныя замежныя актывы, якія складаюцца з манетарнага золата, спецыяльных правоў запазычвання Беларусі ў МВФ, рэзервовай пазіцыі краіны ў МВФ і валютных рэзерваў.

Яны могуць быць аператыўна выкарыстаны для інтэрвенцый на валютных рынках для стабілізацыі курсу нацыянальнай валюты, фінансавання ўрадам імпарту тавараў і паслуг, разлікаў па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага знешняга доўгу, на іншыя мэты.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0