Пасля 15 сутак арышту на волю выйшаў былы кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. За некалькі дзён да затрымання ён быў прызначаны каардынатарам камісіі па канстытуцыйнай рэформе, якая дзейнічае пры штабе Ціханоўскай.

Анатоль Лябедзька. Фота з фэйсбука.

Затрымалі Лябедзьку 8 кастрычніка на прыпынку ў Вяснянцы, недалёка ад дома.

«Я адразу адчуў нешта нядобрае, калі ўбачыў машыну ДАІ не на тым месцы, дзе яна мусіла стаяць, яшчэ паспрабаваў яе зняць. А потым на скрыжаванні ўбачыў два бусікі, хоць і з нумарамі, але вельмі характэрныя. Загарэлася чырвонае святло, і ўсё адбылося вельмі хутка, выскачыла 5-6 чалавек у балаклавах, якія запхалі мяне ў бусік», — кажа Лябедзька.

Іхнюю прыналежнасць да пэўных сілавых структур вызначыць не ўдалося. «Я пытаўся, з якой вы банды, але адказу не атрымаў», — кажа палітык.

Сілавікі прымусілі Лябедзьку выключыць тэлефоны. «Я паспеў толькі выкрыкнуць людзям на прыпынку, што затрымліваюць Лябедзьку», — згадвае ён.

Ні пра затрыманні, ні пры трансферы ў Цэнтральны РУУС Лябедзьку не білі. «Галоўны з гэтых бандытаў казаў, што зараз аформім адміністрацыйку, а потым пойдзеш па крымінальнай справе.

Я быў падрыхтаваны да таго, што гэта будуць не адзіныя 15 сутак, за імі будуць яшчэ адныя, і яшчэ, і яшчэ. А калі сітуацыя ў краіне будзе заставацца неспакойнай, то могуць завесці крымінальную справу».

Лябедзька кажа, што звязвае сваё затрыманне выключна з тым, што ўвайшоў у штаб Ціханоўскай. «У панядзелак абвяшчаецца пра мой удзел, у аўторак я праводжу вельмі плённую і цікавую сустрэчу па канстытуцыйнай рэформе з жыхарамі Лебядзінага — а ў чацвер мяне затрымліваюць.

Штаб Ціханоўскай прапаноўваў мне застацца ў Вільні, працаваць адтуль, але для мяне прынцыпова заставацца ў Беларусі. Я б не далучыўся да каманды Бабарыкі, Цапкалы ці нават Сяргея Ціханоўскага, але тут не мог інакш, бо Святлана — гэта 100% не чыйсьці праект ці сцэнар».

Спачатку спадара Анатоля трымалі на Акрэсціна, а потым перавялі ў Баранавічы. «Звычайна ў камеры было 1-2 дэбашыры і алканаўты, а астатнія — палітычныя. Я супакойваў іх, казаў, што у адзін год меў аж 18 адміністрацыйных пратаколаў, іх гэта натхняла. Было двое хлопцаў з МАЗа, двое — з завода імя Вавілава, айцішнікі, менеджары. Гэта ў асноўным хлопцы 25-35 гадоў».

«Не дазвалялі ляжаць днём на нарах, увогуле да палітычных сталі ставіцца больш жорстка. Здаецца, ёсць адпаведны загад, — лічыць палітык.

— З супрацоўнікамі КДБ я не размаўляў, але са мной былі хлопцы, якіх затрымлівалі менавіта супрацоўнікі КДБ і прывозілі ў цэнтральны будынак на допыт. Адзін такі мужчына з Смалявічаў казаў, што яго вялі з мяшком на галаве, але пры гэтым пыталіся: «Бачыш чырвоную дарожку?». «Бачу, але прабачце, што я ў абутку», — з гумарам адказваў ён. Гэта былі хлопцы са счэпак, якія не мелі на твары масак. Тым не менш, здаецца, іх выпусцілі без крымінальных спраў».

Лябедзька кажа, што многіх вязняў анкетавалі, пыталіся пра эканамічную сітуацыю, пра магчымыя змены ў Канстытуцыі.

Ці не хоча Лябедзька цяпер выехаць з краіны? «Можа, і хачу, але выключна па справах, а не на пастаяннае жыхарства», — адказвае палітык.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?