Пракуратура Чыгуначнага раёна Гомеля 7 мая распачала крымінальную справу па факце траўмавання выхаванкі Гомельскага абласнога дома дзіцяці.

Справа распачата па пункце 1 часткі 2 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання ў дачыненні да заведама малалетняй асобы) на падставе заключэння судова‑медыцынскай экспертызы, паведамілі БелаПАН у раённай пракуратуры.

Як раней паведамляў БелаПАН, у сакавіку было прад’яўлена абвінавачанне медсястры абласнога дома дзіцяці па частцы 2 артыкула 165 КК

(неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні жыцця і здароўя дзяцей, што мела вынікам па неасцярожнасці смерць малалетняга або нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў).

16 сакавіка пры транспарціроўцы ў дзіцячую бальніцу з дома дзіцяці паўтарагадовых дзяўчынак‑блізнятаў адна з іх памерла ад разрыву печані. Яе сястра з аналагічнай траўмай была праапераваная і ўжо выпісана з бальніцы. Дзяўчынкі нарадзіліся ў лістападзе 2007 года ў Жлобінскім раёне, іх маці была пазбаўленая бацькоўскіх правоў і летась дзеці былі змешчаныя ў дом дзіцяці.

Медсястра, якая цяпер знаходзіцца пад хатнім арыштам, прызнае, што недагледзела адну з дзяўчынак падчас выканання гігіенічных працэдур.

Паводле яе слоў, дзіця ўпала і ўдарылася аб край ванны. Гэтая траўма аказалася смяротнай. Другая дзяўчынка ў гэты час пачала плакаць у спальні, медсястра выхапіла дзіця з ложка і ўдарыла.

Плануецца, што абедзве справы будуць аб’яднаныя і накіраваныя ў суд у канцы наступнага тыдня.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0