Бюджэт аргкамітэта чэмпіянату свету па хакеі 2014 года складзе 11,4 млн. даляраў,
паведамляе сайт Міжнароднай федэрацыі хакея (ІІХФ).
8 траўня на штогадовым кангрэсе ІІХФ у Берне Беларусь была выбрана гаспадаром сусветнага першынства-2014.
Краіна атрымала 75 галасоў, апярэдзіўшы Венгрыю (24), Латвію і Украіну (па 3). Беларусь стала 18-й краінай, дзе пройдзе чэмпіянат свету па хакеі. Сваю заяўку беларуская федэрацыя прэзентавала пад лозунгам "Сардэчна запрашаем у маладую хакейную дзяржаву".
"Арганізацыя чэмпіянату не толькі ўздымае нацыянальную эканоміку, але і выведзе беларускі хакей на новы ўзровень",
— прыводзіць сайт ІІХФ словы старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Уладзіміра Навумава.
Генеральны сакратар ФХРБ Сяргей Ганчароў назваў дзень галасавання "найлепшым днём у гісторыі беларускага хакея, а магчыма, і ўсяго беларускага спорту".