Уладзімір Астапенка ўвечары 27 кастрычніка накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама Міністэрства замежных спраў. Пасол Беларусі ў Аргенціне просіць вызваліць яго ад займанай пасады.

Спадар Астапенка не можа больш выконваць свае паўнамоцтвы праз тыя падзеі, што адбываюцца ў краіне ад жніўня.

Уладзімір Астапенка (злева) у МЗС Перу. Фота з сайта пасольства.

Уладзімір Астапенка (злева) у МЗС Перу. Фота з сайта пасольства.

«Прашу вызваліць мяне ад пасады надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Аргенцінскай Рэспубліцы (па сумяшчальніцтву ў Парагваі, Перу, Усходняй Рэспубліцы Уругвай і Чылі) на падставе артыкула 41 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якое перашкаджае выкананню маёй працы па працоўным дагаворы», — піша Астапенка.

Пасля гэтага ён пералічвае наступныя пункты:

«1. Шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах;

2. відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года,

што з'явілася прычынай іх непрызнання 27 дзяржавамі-членамі ЕС, Вялікабрытаніяй, ЗША, Канадай, Украінай і іншымі краінамі;

3. неапраўдана жорсткая рэакцыя органаў унутраных спраў (ужыванне празмернай сілы і спецыяльных сродкаў) у адказ на законныя акцыі мірнага пратэсту;

4. неправамернае зацягванне прыняцця рашэнняў аб завядзенні крымінальных спраў па фактах забойстваў, катаванняў, сэксуальнага гвалту, масавых збіванняў, адвольных затрыманняў, ілжывых сведчанняў з боку праваахоўных органаў;

5. невыкананне патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства і міжнародна-прававых звычаяў, якія прадугледжваюць неабходнасць забеспячэння максімальнай публічнасці пры арганізацыі цырымоніі прэзідэнцкай інаўгурацыі», — адзначае Астапенка.

Ён лічыць, што ўсе гэтыя пункты ствараюць «аб'ектыўныя ўмовы для непрызнання легітымнасці кіраўніка дзяржавы і міжнароднай ізаляцыі Беларусі».

«У сваю чаргу адсутнасць міжнароднай легітымнасці кіраўніка дзяржавы не дазваляе мне і як дыпламату, і як патрыёту сваёй краіны працягваць добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў пасла, знаходзячыся ў падначаленні ў асобы, якая не мае права выражаць волю беларускага народа», — заканчвае свой зварот спадар пасол.

Уладзіміру Астапенку 58 гадоў, ён адзін з найбольш дасведчаных дыпламатаў Беларусі. Ён скончыў маскоўскі МДІМА (МГИМО) яшчэ ў 1985 годзе, пасля чаго пачаў працу ў МЗС БССР.

У першыя гады незалежнасці Астапенка быў намеснікам міністра замежных спраў Беларусі. Папрацаваў у пасольствах Беларусі ў Нідэрландах і Бельгіі. Потым доўгі час пры Аляксандру Казуліну быў прарэктарам БДУ па міжнароднай дзейнасці.

З 2008 па 2015 быў паслом Беларусі на Кубе. У 2017 прызначаны прадстаўніком нашай краіны ў Аргенціне. Валодае англійскай, іспанскай і польскай мовамі.

Раней пасады паслоў Беларусі па палітычных перакананнях пакінулі Ігар Ляшчэня (Славакія), Павел Пуставы (Іспанія). Таксама быў звольнены пасол Беларусі ў Латвіі Васіль Марковіч. Таксама дыпламатычнага рангу быў пазбаўлены Павел Латушка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?