Сяргей Палякоў — былы начальнік партыі Упраўлення прамыслова-геафізічных работ «Беларуснафты» у Рэчыцы. 

26 кастрычніка ён і яшчэ некалькі калег запісалі відэа ў падтрымку законнасці і абвесцілі страйк. 

Але праз два дні Палякоў з'ехаў у Літву разам з дзецьмі, бо асцерагаецца пераследу. Вось як ён апісвае сваю гісторыю. 

Палякоў з сям'ёй у літоўскім гатэлі.

Палякоў з сям'ёй у літоўскім гатэлі.

«26-га мы запісалі відэа супраць беззаконня і гвалту. Ну бо невыносна ўжо, людзей забівалі, катавалі і катуюць, вінаватых няма. Не здолеў я больш трываць, і на заклік Ціханоўскай адгукнуўся, бо гэта тое, што я мог зрабіць. Потым паехаў дадому, бо ў мяне ў той дзень па графіку быў выходны, але рэзка званкі ўсім тым, хто на відэа: «Прыязджайце ва ўпраўленне».

Прыехала начальства з Гомеля, перарабілі графікі работы, што ў мяне раптам стаў працоўны дзень, раптам з’явіліся дзве экстраныя заяўкі на выкананне геадэзічных даследаванняў. Прапанавалі або ехаць на работу або падпісаць паперу аб адмове ў выкананні, я нікуды не паехаў і нічога падпісваць не стаў.

Былі пагрозы, угаворванні не ўмешвацца ў палітыку, казалі, што трэба перадусім думаць пра сямейны і ўласны дабрабыт, а аргументы аб прычынах запісу відэа пачутыя не былі. Мы раз’ехаліся па хатах, пасля чаго, каля 17 гадзін, на карты прыйшлі грошы. Ніякіх выплат на сёння не планавалася, таму мы зразумелі, што нас звольнілі. Але мы разумелі, на што ішлі і якія маглі быць наступствы. 

Пасля размяшчэння відэа мяне нейкім чынам пачалі знаходзіць самыя розныя людзі ў сацсетках і пісаць, прапаноўваць дапамогу, работу ў Беларусі і за мяжой.

І так выйшла, што пачаліся дзіўныя рэчы адбывацца, яшчэ раней па дарозе на мітынг у Гомель мяне з сябрамі затрымалі, прывезлі ў РУУС і ўзялі аналізы на наркотыкі, сказалі з’явіцца потым для знаёмства з вынікамі, я так разумею, гэта было для таго зроблена, каб мы не даехалі на пратэст, гэта такая прадгісторыя.

А 27-га, у аўторак, стала вядома, што да некаторых з тых, хто на відэа, прыходзяць з органаў. Я вырашыў з сябрам выехаць за горад, тут званок ад жонкі, што невядомыя звоняць і патрабуюць іх упусціць, я сказаў гаварыць толькі праз акно. Аказалася — участковы, які прынёс позву і «чакае мяне ў міліцыі». 

У сям'і стаіць дом у Рэчыцы, ключы пакінулі бацькам і сябрам.

У сям'і стаіць дом у Рэчыцы, ключы пакінулі бацькам і сябрам.

Ну і так выйшла, я вырашыў, што тыя «аналізы на наркотыкі» могуць павярнуць як заўгодна, папрасіў дапамогі, узяў сям’ю — жонку і траіх дзяцей, а таксама яшчэ аднаго чалавека з відэа, і нас рабяты падвезлі да літоўскай мяжы, цяпер мы тут жывем у гатэлі, які аплацілі валанцёры. 

Рабяты з Брэмена аплацілі дастаўку ежы, бо мы ж пакуль на самаізаляцыі. Я думаю, што пакуль вяртацца небяспечна з гэтым рэжымам, пасля сканчэння каранціну падумаем як тут легалізавацца, нейкую работу знайсці, а дзяцей, бадай што, нікуды аддаваць не будзем, бо я думаю, што ў Беларусі ўсё гэта не зацягнецца». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0