У дзяцінстве я часта крыўдаваў на бацькоў. Напрыклад, за тое, што не куплялі мне джынсы Levi’s, тады як палова хлопцаў — лепшая палова, ясная справа — ужо паспела дзіркі працерці на іх.
Альбо за тое, што не далі грошай на паездку ў Вільню, «каб што з хлопцам не здарылася, бо там жа літоўцы рускіх ня любяць». Зараз згадкі пра мае дзіцячыя крыўды выклікаюць у мяне ўсмешку і нават трошкі грэюць агрубелую дарослую душу.
Была ў мяне яшчэ адна крыўда. Персанальная, на бацьку. Бацька адмаўляўся прыйсці ў маю школу і выступіць перад вучнямі са сваімі ўспамінамі з баявой маладосці.
У 18 гадоў ён трапіў на фронт адразу пасля кароткіх афіцэрскіх курсаў. Адваяваў, як след, тры гады, а дэмабілізаваўся ажно ў 46‑м. У сям’і пра вайну ўзгадвалі рэдка, а пра паходы ў школу да піянэраў нават і мовы не было. «Ня пойду, — рашуча адказваў тата. Няма мне там чаго рабіць». І гэта казаў выкладчык марксізма‑ленінізма!

Тлумачэнні, якія я пачуў значна пазней мяне крыху шакавалі. «А пра што мне распавядаць? Няма там было пра што казаць вам — кроў, жахі, смерць. Пра што я распавяду? Пра тое, як малады лейтэнант адразу з вучылішча — то бок, я — атрымаў загад падняць роту з сотні байцоў чалавек у атаку? Тады ведаеш як хадзілі ў атаку? Стаймя, ў поўны рост, іначай нельга — трыбунал. А загад трэба выконваць. Ну я падымаю, а сам трасуся як тое лісце, бо жах такі працяў — не перадаць. Пайшло нас хлопцаў сто чалавек на нямецкія кулямёты, вярнулася трыццаць. І ва ўсіх поўныя парткі. Потым спірт прывезлі, каб не так страшна было на кулямёты кідацца. Я ня піў, бо я ж камандзір, а хлопцы як бэля.

А мой брат, Пецька, што ў адной роце з тым Матросавым быў, дык штодня піў. Так яны ў апошнюю атаку п’яныя і пайшлі, абодва п’яныя загінулі. Толькі Матрос на амбразуру трапіў, таму героем стаў, а ў Пецькі магіла брацкая. Пра гэта мне расказаць? Дык з партыі выгналі б, працы таксама не было б. З воўчым білетам бы пайшоў, Страшна было сынок, і кроў паўсюдна. Вось ардынарцу майму галаву адарвала ўшчэнт, а я за пяць крокаў стаяў. Твар ў крыві і яго мазгах, гімнасцёрка таксама. Лепей пра гэта не ўзгадваць дый не памятаць увогуле.»

Я прагнуў лагічнага заканчэння бацькавых тлумачэнняў. «Дык чаму ж астатнія ходзяць і штосьці ўвесь час распавядаюць?», — пытаюся. «Таму, што з кніжак пачытаюць абы‑што і потым пераказваюць. А я гэтага рабіць не буду — няпраўду казаць. Афіцыёз гэта і да праўды мала дачынення мае». Больш мы пра гэта з ім не размаўлялі. Той, хто шмат перажыў на вайне, ад тых успамінаў асалоды яўна не атрымлівае. Бацька нават фільмы пра забойствы не можа глядзець — гэтак няёмка і брыдка яму стае.

Аповед бацькі згадаўся акурат ўчора, калі я зазірнуў да кавярні «Upтekа». Знаёмы бармэн‑кубінец з гонарам паказаў на «георгіеўскую» стужачку на сарочцы.
«Гэта загад кіраўніцтва?». «Не, гэта я сам, з уласнай волі», — адказвае. Для яго на той вайне былі толькі немцы і расейцы разам з іншымі народамі СССР, якія… таксама расейцы. Што тут адбывалася насамрэч ён ня ведае ды не надта цікавіцца. А яно яму трэба? Можа і не.

Вось тут прыгадаўся бацькаў аповед. Калі нас, беларусаў, заклікаюць далучыцца да расейскіх акцыяў, кшталту «Я помню, я горжусь», гэтак нам прапануюць замяніць нашу рэальную беларускую гісторыю, наш боль, наш гнеў і нашу памяць на казённы імперскі эрзац з савецкіх і расейскіх падручнікаў. Якое тут ужо «я помню»?

Нам ласкава прапаноўваюць забыцца на тую грамадзянскую вайну, падчас якой беларусы, палякі, украінцы і нават яўрэі (Галівуд тут нядаўна распавёў адну такую яўрэйскую партызанскую гісторыю братоў Бельскіх) забівалі, палілі і вешалі адзін аднаго. І як дапамагалі ў гэтым з Масквы па загаду са Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага. Забыцца пра тысячы тых, хто ўцёк на Захад ад «вызваліцельных» лагераў, куды яны мелі трапіць толькі за тое, што іх вывезлі на працы ў Нямеччыну. Не ўсё так проста і адназначна ў гэтай вайне для беларуса, не ўсё ўкладаецца ў простую формулу «рускія‑немцы», так як у расейцаў. Фашызм — абсалютнае зло, сумневаў быць ня можа, аднак і з Усходу нас мёдам не частавалі.

Я вам так скажу: нам, беларусам, чужога не трэба, аднак, свайго таксама нікому ані каліва не аддамо. Таму будзем шанаваць сваю гісторыю, аплакваць ахвяраў, караць здраднікаў і злачынцаў той страшнай вайны. Мой бацька не згадзіўся замяніць сваю гісторыю на сюжэты з падручніка, «афіцыйна дазволеныя» так бы мовіць. І я не буду мяняць гісторыю свайго народа на чужы блокбастэр, таму стужачку тую я не начаплю.

Франц Чэрнушэвіч, susvet.info

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна