Сітуацыя з «Камсамольскай праўдай у Беларусі» застаецца крайне складанай. Пасля выбараў Дом друку адмовіўся друкаваць газету, якая пісала праўду пра пратэсты. «Белдрук» перастаў прадаваць яе ў сваіх кіёсках, а «Белпошта» анулявала падпіскі.

Цяпер газета друкуецца ў Падмаскоўі і прадаецца ў беларускіх супермаркетах і ў іншых прыватных распаўсюднікаў. У выніку наклад штодзённага нумару абрынуўся з 25-20 тысяч асобнікаў да 3000, наклад штотыднёвага — са 150 тысяч да 30 тысяч.

Нумар «Камсамольскай праўды ў Беларусі», які не трапіў у кіёскі

Нумар «Камсамольскай праўды ў Беларусі», які не трапіў у кіёскі

У канцы жніўня кіраўніцтва кампаніі «БелКП-Прэс», якое выдае «Камсамольскую праўду ў Беларусі» змяніла галоўнага рэдактара. Гэту пасаду заняла расіянка Марына Бунакова, былая рэдактарка «Камсамольскай праўды» ў Хабараўску.

«Гэта была прапанова кіруючай кампаніі, прынятая мной як адзін з варыянтаў умацавання рэдакцыі і вываду з крызісу прадпрыемства» — патлумачыла тады генеральная дырэктарка «БелКП-Прэс» Наталля Галезнік.

Аднак улады не ацанілі крок насустрач, газету па-ранейшаму не прадаюць у кіёсках. У сувязі з гэтым, як стала вядома «Нашай Ніве», разглядаецца яшчэ адзін варыянт рэформы.

Мяркуецца, што беларускую рэдакцыю ўзначаліць 42-гадовы расійскі ваенны журналіст Аляксандр Коц.

Аляксандр Коц

Аляксандр Коц

Коц удзельнічаў у асветленні канфліктаў у Косава, Афганістане, Сірыі, Украіне і іншых краінах, апошнім часам знаходзіўся ў Карабаху.

За аднабаковае інфармацыйнае забеспячэнне анексіі Крыма і вайны на Данбасе ён уключаны ў спіс украінскага «Міратворца». Расійскае кіраўніцтва аддзячыла яму іначай — медалём «За заслугі перад Айчынай I і II ступеняў».

Коц доўгі час працаваў у тандэме з іншым ваенным журналістам расійскай «Камсамольскай праўды» Дзмітрыем Сцешыным. Сцешын вядомы тым, што ў маладосці быў ультраправым актывістам, быў у рэдакцыйнай радзе часопіса «Рускі вобраз». Расійскія СМІ пісалі, што ў яго кватэры хаваўся лідар «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» Мікіта Ціханаў, які пасля быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за забойствы. Такое ж пакаранне атрымаў і галоўны рэдактар «Рускага вобраза» Ігар Гарачоў, кум Сцешына.

Галоўным рэдактарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Аляксандр Коц стаць не можа — патрэбнае беларускае грамадзянства. Але як мяркуецца, можа заняць нефармальную кіруючую пасаду.

 «Гэта адзін з варыянтаў. Пакуль рана меркаваць, хто будзе дакладна, але асоба Коца разглядаецца», — так «Нашай Ніве» пракаментавала сітуацыю Наталля Галезнік.

«Прабачце, я пакуль не каментую. Калі адправяць, пагаворым», — адказаў Аляксандр Коц на пытанне карэспандэнта.

Тым часам некалькі работнікаў газеты — журналісты Эвіка Ота, Вольга Івашэнка, а таксама намесніца галоўнага рэдактара Іна Качаткова — ужо абвесцілі пра свой сыход.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?