Дзмітрый родам з Брэсцкай вобласці. У гэтым годзе малады чалавек паступіў у універсітэт у Любліне. У пятніцу ён вырашыў паехаць да бацькоў у Беларусь. Але, нягледзячы на беларускае грамадзянства, на радзіму яго не прапусцілі. Разам з ім у такой жа сітуацыі аказалася яшчэ шэсць студэнтаў. У прэс-службе Дзяржпагранкамітэта адзначаюць, што ў гэтай сітуацыі не ўсё так адназначна, піша tut.by.

Па словах Дзмітрыя, у пятніцу, 30 кастрычніка, ён і яшчэ шасьцёра студэнтаў-беларусаў вярталіся з Польшчы дахаты. Ехалі праз пункт пропуску «Брэст».

— Я вучуся ў Любліне, хлопцы — у Бяла-Падляскай. У Беларусь мы ўсе разам вяртаемся на маршрутцы — распавядае Зміцер. — У пятніцу недзе а 17.40 па беларускім часе мы пад'ехалі да памежнікаў. Памежнік у мяне спытаў, адкуль я еду і што рабіў у Польшчы. Я адказаў: «Я там вучуся». У мяне папрасілі пацверджанне. Я паказаў студэнцкія дакументы. У мяне іх адсканаваць і сказалі: «Чакайце». Наколькі я разумею, хлопцы прайшлі такую ж працэдуру. Потым мы дзесьці гадзіну сядзелі ў маршрутцы, да нас падышлі і сказалі, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, нас не прапусцяць.

Па словах Дзмітрыя, яны бачылі, як з Польшчы ў Беларусь заязджалі іншыя машыны з беларусамі. У сувязі з гэтым яны вырашылі вярнуцца ў канец чаргі і паспрабаваць прайсці мяжу зноўку.

— Наша чарга падышла недзе праз тры гадзіны, але нас зноў не прапусцілі, — працягвае малады чалавек. — Мы казалі, што раніцай у СМІ быў артыкул, дзе напісана, што беларусаў прапускаюць. Нам адказалі — гэта было раніцай, усё мяняецца.

Студэнты зноў вырашылі паехаць у канец чаргі, у надзеі, што іх усё ж такі прапусцяць.

— Траіх чалавек мы змаглі пасадзіць на спадарожныя машыны. Думалі, можа так ім удасца прайсці мяжу, але іх вярнулі, — кажа Зміцер.

Уначы на нейтральную паласу прыехалі бацькі студэнтаў.

У прэс-службе Дзяржаўнага памежнага камітэта пацвердзілі: сапраўды, у пятніцу ўвечары беларускія студэнты вярталіся з Польшчы на радзіму.

- Памежнікі папярэдзілі маладых людзей, што іх чакае 10-дзённая самаізаляцыя — тлумачыць сітуацыю афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Беларусі Антон Бычкоўскі. — Паколькі навучэнцам трэба было вярнуцца ў ВНУ ўжо 4 лістапада, ім было прапанавана вярнуцца ў сумежную дзяржаву. Аднак польскі бок адмовіў студэнтам ва ўездзе без тлумачэння прычын. На бягучы момант яны зноў спрабуюць уехаць назад у Польшчу.

Зміцер кажа, што яны не вярталіся ў Польшчу і спрабуюць трапіць менавіта ў Беларусь.

— У мяне не пыталіся пра тое, колькі я планую быць у Беларусі. Я еду дадому за цёплымі рэчамі і гатовы адседзець 10-дзённы каранцін, - кажа Зміцер. - Хлопцы таксама. У іх дыстанцыйнае навучанне, яны планавалі быць дома нават даўжэй за 10 дзён.

Беларусь закрыла межы з Літвой, Польшчай, Украінай і Латвіяй на ўезд

Раніцай 31 кастрычніка БелТА паведаміла, што група беларускіх студэнтаў з сямі чалавек вярнулася ў Польшчу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0