Беларуская кінастужка «Возера радасці» атрымала першы прыз на кінафестывалі LA Shorts. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку рэжысёр карціны Аляксей Палуян.
«Наша «Возера радасці» сёння ноччу перамагло на кінафестывалі ў Лос Анджэласе! З гэтага моманту фільм афіцыйна кваліфікаваўся на Оскар-2021. Жыве Беларусь!» — напісаў ён.
Фільм зняты паводле аднайменнага рамана Віктара Марціновіча.
Фільм атрымаў узнагароду ў катэгорыі Best of Fest, праз што аўтаматычна трапляе ў лонг-ліст прэміі «Оскар» у катэгорыі «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм». Лонг-ліст уключае ў сябе 200 фільмаў, з якіх пазней будуць адабраныя 10 намінантаў.
Стужка «Возера радасці» знята на беларускай мове. Галоўную ролю дзяўчынкі Ясі, якую па сюжэце бацька адпраўляе ў інтэрнат, выканала выхаванка магілёўскай SОS-вёскі Анастасія Пляц, таксама ў фільме сыгралі Ігар Сігаў, Святлана Анікей, Таццяна Мархель.
Прэм'ера карціны ў свой час прайшла на галоўным кінафестывалі кароткаметражнага кіно — у французскім Клермон-Феране. Урэшце «Возера радасці» атрымала ўзнагароды на фэстах Грэцыі, Іспаніі, ЗША ды іншых краін. У мінулым годзе фільм паказваўся ў беларускім пракаце.