Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Серабранка, Мінск. Фота Надзеі Бужан.

Пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў. Серабранка, Мінск. Фота Надзеі Бужан.

У кожнай дзяржаве заканадаўства змяшчае правы чалавека, іншыя юрыдычныя нормы і прадугледжвае спосабы іх абароны ў выпадку парушэння. Да такіх спосабаў могуць належаць звароты ў суды, іншыя дзяржаўныя органы, міжнародныя арганізацыі.

Аднак бывае, што ў дзяржаве ўстаноўлены аўтарытарызм, і асобы, якія знаходзяцца ва ўладзе, маюць адну мэту — утрымліваць гэтую ўладу любымі сродкамі. Карыстаючыся ўладнымі рэсурсамі, яны парушаюць тыя юрыдычныя нормы, рэалізацыя якіх перашкаджае іх панаванню, і блакіруюць усе спосабы юрыдычнай абароны.

Часцей за ўсё гэта нормы аб выбарах, рэферэндумах, палітычных і асабістых правах чалавека. Залежныя ад правіцеля суды ды іншыя органы фіктыўна разглядаюць справы аб абароне такіх нормаў, а рашэнні міжнародных арганізацый не выконваюцца.

Аўтарытарнай уладай ствараецца бачнасць законнасці, а спробы грамадзян ці арганізаванай апазіцыі ўздзейнічаць на дадзеную ўладу, наадварот, аб’яўляюцца па-за законам альбо ігнаруюцца.

Ці існуе спосаб выпраўлення гэтага становішча? Законам (пісаным актам дзяржавы) ён звычайна не прадугледжаны, але ці прадугледжаны ён правам?

Адказаць на пастаўленыя пытанні «не», значыць адмовіць праву ў жыццяздольнасці, абавязковасці і трапіць у юрыдычны тупік.

Атрымаецца, што права дапускае ўласнае знішчэнне.

Усялякае права асобы, народа ўключае ў сябе магчымасць яго абароны, прытым яна павінна быць дастатковай для максімальна ажыццяўляльнага аднаўлення дзеяння права.

У выпадку з аўтарытарнай уладай спосаб такой абароны існуе, ён вядомы навуцы і практыцы: гэта права на супраціўленне прыгнёту.

Зыходзячы з прававой логікі, дадзенае права трэба прызнаваць у кожнай дзяржаве, незалежна ад таго, ці замацавана яно ў законе, у тым ліку асноўным законе — канстытуцыі. Яго можна назваць правам на неабходную абарону ў шырокім сэнсе.

Права на супраціўленне прыгнёту належыць кожнаму грамадзяніну дзяржавы, групе грамадзян і народу цалкам. Дазваляецца яго рэалізацыя любым з гэтых суб’ектаў.

Права на супраціўленне прыгнёту ахоплівае розныя формы барацьбы грамадзян і народа:

  • негвалтоўнае супраціўленне, напрыклад, правядзенне масавых мерапрыемстваў, незалежна ад таго, ці санкцыянаваны яны ўладамі;
  • адмова падпарадкоўвацца, г. зн. выконваць акты органаў дзяржавы і патрабаванні прадстаўнікоў улады;
  • ігнараванне дзяржаўных тавараў ды паслуг;
  • забастоўкі.

Калі забастоўка праводзіцца ў межах працоўных адносін, то работнікі маюць права вылучаць патрабаванні толькі па эканамічных і сацыяльных пытаннях, якія ўваходзяць у кампетэнцыю наймальніка. Аднак падчас забастоўкі, якая праводзіцца ў парадку супраціўлення прыгнёту, дазваляецца заяўленне і палітычных патрабаванняў, у тым ліку зняцця аўтарытарнага правіцеля.

Каб супраціўленне было правамерным, неабходна прытрымлівацца пэўных умоў:

  • мае месца ліквідацыя ўладай канстытуцыйнага ладу, г. зн. сістэматычнае ці грубае парушэнне службовымі асобамі канстытуцыйных прынцыпаў — найбольш важных юрыдычных нормаў;
  • правамернасць мэтаў: народнае супраціўленне імкнецца прымусіць уладу да выканання канстытуцыйных прынцыпаў альбо зняць прадстаўнікоў аўтарытарнай улады і прыцягнуць іх да адказнасці;
  • суразмернасць (прапарцыянальнасць): народнае супраціўленне павінна быць суразмерным, адэкватным антыправавым мерам аўтарытарнай улады, не перавышаць межаў неабходнага супраціўлення.

Дапушчальна звяртацца да супраціўлення, калі іншыя спосабы абароны права немагчымыя ці неэфектыўныя.

Як вызначана ч. 2 арт. 3 беларускай Канстытуцыі, любыя дзеянні па змяненні канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў караюцца згодна з законам. Аднак прыведзеная норма не забараняе супраціўлення прыгнёту; яна накладае забарону, наадварот, на дзеянні па ўзурпацыі ўлады, у тым ліку яе ўтрыманні насуперак Канстытуцыі.

Права на супраціўленне прыгнёту замацавана ў прэамбуле Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай Генеральнай асамблеяй ААН, а таксама ў канстытуцыях Германіі, Грэцыі, Славакіі, Азербайджана і некаторых іншых краін.

Паводле арт. 32 Асноўнага закона Славакіі, «грамадзяне маюць права супраціўляцца кожнаму, хто робіць замах на ажыццяўленне дэмакратычных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, прадугледжаных гэтай Канстытуцыяй, калі дзейнасць канстытуцыйных органаў і дзейснае выкарыстанне сродкаў, прадугледжаных законам, з’яўляюцца немагчымымі».

Грэчаская Канстытуцыя ў ч. 4 арт. 120 вызначае: «Выкананне Канстытуцыі давяраецца патрыятызму грэкаў, якія правамоцны і абавязаны супраціўляцца ўсімі сродкамі ўсялякай спробе яе гвалтоўнай адмены».

Наш Асноўны закон не ўтрымлівае гэткіх фармулёвак. Неабходна ўключыць іх у новую Канстытуцыю. Але нават у цяперашняй Канстытуцыі Беларусі права на супраціўленне прыгнёту вынікае з замацаванага ў арт. 7 прынцыпу вяршэнства права.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?