Кардынал Тарчызіё Бертонэ падчас наведвання парафіі св. Яна Хрысціцеля ў менскай Серабранцы, 21 чэрвеня 2008 г. Фота Ўладзя Грыдзіна.

Кардынал Тарчызіё Бертонэ падчас наведвання парафіі св. Яна Хрысціцеля ў менскай Серабранцы, 21 чэрвеня 2008 г.
Фота Ўладзя Грыдзіна.

Урадавае агенцтва цытуе кардынала Бертонэ. А менавіта — пераказвае яго інтэрв'ю тэлеканалу АНТ.

Кампліментарныя выказванні другой асобы Ватыкана на адрас беларускага афіцыйнага кіраўніка надта прыдаліся ў кантэксце яго цяперашняй палемікі з прадстаўнікамі Маскоўскага патрыярхату.

Тыя ўжо некалькі разоў даволі з'едліва далі зразумець, што не хочуць ніякіх пасярэднікаў у дыялогу з касцёлам. Тым самым дыскрэдытуецца ідэфікс кіраўніка Беларусі — састыкаваць тут папу з патрыярхам.

Пра тое, наколькі дарагая Лукашэнку гэта амбіцыйная задума і як балюча закранаюць яго заявы маскоўскіх царкоўнікаў, можна меркаваць па далёкай ад дыпламатычнасці рэпліцы, што вырвалася днямі ў Салігорску: «Якая тут палітыка? У некага ў Расіі нешта свярбіць, як казаў Чарнамырдзін. Дык чухайце ў іншым месцы!».

Кардынал Бертонэ, мяркуючы па усім, вялікі дыпламат. Памятаеце, Лукашэнка прызнаўся, што святы айцец шмат дапамагаў у наладжванні дыялогу з Еўропай. Цяпер ён міжволі дапамагае сваімі выказваннямі даць адлуп разумнікам з РПЦ.

У інтэрв'ю кардынал праліў сапраўдны бальзам, згадваючы пра візіт беларускага кіраўніка да пантыфіка: «Ваш прэзідэнт быў вельмі добра падрыхтаваны да сустрэчы, вывучыўшы ды зразумеўшы лад мыслення Яго Святасці. Ён правёў з Папам дыскусіі на розныя тэмы, абмеркаваўшы ў тым ліку праблему дачыненняў між рэлігійнай верай і розумам, між навукай і верай».

Хто б мог падумаць, што усё гэта можна ўтоўпіць у 25 хвілін уключна з перакладам! Але не будзем прыдзірамі. Галоўнае, што

дэ-факта маскоўскім праваслаўным дзеячам тыцнулі пад нос: глядзіце, Бенедыкт XVI, адрозна ад вас, шчыраванне беларускага кіраўніка на рэлігійнай ніве ацаніў!

«Я думаю, што факт гэтай сустрэчы яшчэ болей зблізіў Беларусь з каталіцкай царквою», — такое рэзюмэ з вуснаў кардынала пэўна ж балюча закране амбіцыі Маскоўскага патрыярхату, для якога Беларусь — «кананічная тэрыторыя».

Найболей жа закране Маскву, бадай, заява Бертонэ, што амаль даведзены да ладу канкардат між Беларуссю і Ватыканам.

Увогуле цяперашняе напружанне між Мінскам і Крамлём нечаканым чынам набыло характар міжканфесійнай калізіі. Калі адкінуць дыпламатыю, то для расійскіх эліт хаўрус Лукашэнкі з Ватыканам — адна з праяў геапалітычнай «здрады».

Разбіваючы ідэю экуменічнай сустрэчы на нашай тэрыторыі, Масква дэманструе і геапалітычную рэўнасць, выплёхвае сваю незадаволенасць еўрапейскім трэндам Беларусі ўвогуле.

Трэнд гэты, канечне, своеасаблівы і месцамі ў выкананні цяперашняга кіраўніцтва нават экзатычны. Але, як афарыстычна зазначыў аналітык Валер Карбалевіч, лепей ужо футбол у Апостальскім палацы, чым інтэграцыйныя гульні ў Крамлі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?