Апошнія месяцы паўплывалі на працу не толькі незалежных журналістаў, але і супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. Што змянілася ў іх рэдакцыйнай палітыцы пасля выбараў? «Наша Ніва» паспрабавала разабрацца.

Мітынг каля БТ 15 жніўня. У гэты дзень да калектыву прыехалі Наталля і Іван Эйсмант і Наталля Качанава. Фота Надзеі Бужан

Галоўныя тэмы: з канала навін у ідэалагічны рупар

Асноўныя змены — стала больш цэнзуры і прапаганды. Героі і эксперты ідэалагічна вывераныя.

«Негалоснае правіла — мы не даем у эфір меркаванні любога неафіцыйнага боку ў матэрыялах, якія датычацца палітыкі. А калі даем, то з прыніжальнай мэтай», — расказалі суразмоўцы, якія працуюць на адным з тэлеканалаў.

Галоўныя тэмы ў прынцыпе засталіся нязменныя — нарады і сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі, дасягненні сацыяльнай палітыкі (адкрыццё новых садкоў, бальніц). 

«АНТ перахапіў сцяг ідэалагічнага рупару. Цяпер увесь кантэнт прысвечаны ідэалагічнай вайне. Нават культурныя «закрывашкі» з пэўным налётам. Ніколі не было столькі «рубрык» (гэта аўтарскія стэндапы з прыватным меркаваннем журналіста на палітычную тэму кшталту таго, што робіць Ігар Тур — «НН») — раней давалі больш навін, а не вады», — апісвае сітуацыю былая супрацоўніца.

Ігар Тур смяецца са Святланы Ціханоўскай

Тое, што прагучыць у эфіры, тэзісна спускаецца зверху — якія прозвішчы можна называць, у якіх фармулёўках расказваць пра падзеі. Асобныя сюжэты з гатовым тэкстам прыносяць спецслужбы — у іх нельга мяняць ні слова.

«Пасля выбараў былі ўведзены дзяжурствы праз дзень па аддзелах. Напрыклад, праўладныя мітынгі здымалі прадстаўнікі непалітычных аддзелаў. Раней падобныя дзяжурствы былі толькі ў выходныя: калі нешта незапланаванае здаралася, на Макаёнка быў карэспандэнт, які выязджаў на здымку. Але ў апошні час гэтых заданняў стала менш», — паведамляюць на БТ.

Дзяржаўным СМІ важна паказаць, што ў суседніх Польшчы, Літве, Украіне, дзе адбываліся дэмакратычныя змены, жывецца значна горш, чым мы думаем. У «Звяздзе», напрыклад, штотыдзень выходзяць артыкулы пра тое, што ўкраінцы не давяраюць сваёй уладзе, а Літва не дае рады эпідэміі каранавіруса.

Цэнзура адбілася нават на ранішніх шоу.

«У праграму «Новая раніца» ў госці мала каго клічуць, бо занадта вузкае кола ангажаваных персон. У праграму трэба ставіць кліпы, але цяпер выбар невялікі — з беларускіх выканаўцаў толькі Саладуха і Ланская. Астатнія ў апазіцыі», — іранізуюць журналісты, знаёмыя з сітуацыяй на СТБ.

Купалаўскі тэатр, дарэчы, у няміласць трапіў яшчэ да выбараў — пасля таго як акцёры сталі выказвацца ў падтрымку Symbal.by, на асобных каналах папрасілі не пускаць артыстаў у эфір.

Што пісаць пра апазіцыю?

З-за масавых пратэстаў ігнараваць апазіцыю, як гэта было раней, стала немагчымым.

Журналістка БТ Ксенія Лебедзева на жаночым маршы. Фота Надзеі Бужан

«Раней пра апазіцыю хутчэй наогул нічога не згадвалі. І ніяк не называлі — маўляў, няма і ўсё тут. Зараз гэта пераважна абразлівыя формы і выразы», — дзеліцца супрацоўніца БТ.

Падобным чынам апісваюць і палітыку СТБ:

«Пра мітынгі спачатку нельга было казаць ніводнага слова. А пасля ў ход пайшлі паліттэхналогіі і паліўся паклёп. Мітынгі і пратэстоўцы — толькі ў скажоным святле».

Рэпартажы на ТБ і ў газетах мусяць паказаць пратэсты малалікімі, агрэсіўнымі і маргінальнымі. Студэнтаў, медыкаў і рабочых, якія не згодны з рэжымам, — няўдзячным выключэннем. 

Негатыўнае стаўленне транслююць і да сімвалаў пратэсту — гімна «Магутны Божа», бел-чырвона-белага сцягу. Іх упарта звязваюць з нацысцкім рэжымам.

А на беларускую мову пераходзяць у тых выпадках, калі хочуць прынізіць пратэстоўцаў. Словы «змагар», «асілак», «неверагодныя» журналісты дзяржТБ выкарыстоўваюць як абразу.

Хто прыйшоў на месцы звольненых?

Па інфармацыі «Нашай Нівы» з цэнтральных тэлеканалаў звольнілася каля 300 чалавек. Гэта рэпарцёры, аператары, святлавікі, гукарэжысёры. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек сышло з дзяржаўных газет. Частка журналістаў узяла пасля выбараў працяглыя адпачынкі.

Фота Надзеі Бужан

«Практычна нікога не набіралі пасля звальненняў. Бачна, што знізілася якасць — амаль не выкрэсліваюць усялякія канцылярызмы і страшныя абароты кшталту «в рамках осуществления реализации», — адзначаюць у БелТА.

Пра падзенне ўзроўню кажуць і на АНТ. «Аператары скардзяцца, што не могуць ездзіць на здымку з гэтымі дзецьмі».

Сітуацыю з кадрамі вырашалі па-рознаму. На АНТ хтосьці перайшоў у іншы аддзел, стажоры сталі карэспандэнтамі. Кагосьці перацягнулі з іншых каналаў. Што тычыцца забаўляльнага кантэнту, то асобныя рубрыкі проста прыбралі з эфіру. «Наша раніца» часова сыходзіла ў адпачынак. Канал паведамляў, што рабіць кантэнт нармальнай якасці замінае сыход супрацоўнікаў, «выкліканы ціскам на адных журналістаў і пераследам іншых». 

«Дэсанта Russia Today у нас фізічна не было, але матэрыялы дасылалі», — заўважаюць былыя супрацоўнікі канала.

У Белтэлерадыёкампанію падмога з Расіі прыязджала, але гэтых супрацоўнікаў не ўключалі ў штат. Патрэбы закрывалі студэнтамі. Плюс пераразмяркоўвалі абавязкі — былі работнікі, не абцяжараныя вялікай колькасцю праектаў. «Добрай раніцы, Беларусь!», адкуль быў масавы сыход журналістаў, цяпер вядуць толькі дзяўчаты. 

Пра новыя маладыя твары пісала вядучая БТ Наталля Бардзілоўская.

«На тыдні ў нас з’явіўся новы супрацоўнік. У штат БТ узялі маладую талковую дзяўчыну з дыпломам БДУ, і ў пятніцу ў яе ўжо быў добры дэбют у «Панараме». Напорыстая, смелая, стылёвая. Цяпер у нас стажыруюцца яшчэ тры студэнткі журфака. Так вакантныя месцы ў нашым кабінеце нанава запаўняюцца», — расказвала яна 11 кастрычніка пра карэспандэнцкую сетку.

На СТБ з’явілася толькі некалькі навічкоў. У астатнім канал спраўляецца сваімі сіламі. «Цудоўная матывацыя: вось дзяўчынка была журналісткай ці адміністратарам — і раптам ёй даверылі вядзенне праграмы», — так апісваюць цяперашнія магчымасці кар’ернага росту.

У будні — у сталоўцы рэдакцыі, у нядзелю — на маршы

Не ўсе журналісты, якія засталіся ў дзяржСМІ, падзяляюць «палітыку партыі». 

«Прыемна сустракаць калег у сталоўцы, а пасля ў нядзелю на маршы. Мы робім маленькія дыверсіі — то сцяг у кадры пакажам, то крэслы чырвона-белыя паставім. Ходзім у белых бранзалетах і цішотках з Symbal.by», — прызналася супрацоўніца аднаго з каналаў.

«Некаторыя просяць не адпраўляць на здымкі амапаўцаў. Былі выпадкі адмоў рабіць нешта абсурднае, нягледзячы на пагрозы звальнення», — дзеліцца іншы журналіст.

Тэлеграм-каналы: злівы, мемы, маргінальная публіцыстыка

Дагрукацца да аўдыторыі дзяржСМІ спрабуюць праз сацсеткі. Сюжэты БТ пра нядзельныя акцыі выскокваюць на YouTube ў якасці рэкламы, а старонка АНТ стаіць на прамоцыі ў Facebook.

Звычайнай з’явай сталі рэпосты сумніўных тэлеграм-каналаў. Размова не толькі пра блізкія да сілавікоў «Жоўтыя слівы» (як вядома «НН», асобныя супрацоўнікі АНТ нават стажыраваліся там). 

Піяраць маргінальны канал «Будзьма!», дзе ў публіцыстыцы практыкуюцца журналісты СБ і іх сябры-аднадумцы. Тэматыка там простая — выкрыццё пратэстоўцаў на чале са Святланай Ціханоўскай і абмеркаванне сапраўдных каштоўнасцяў (напрыклад, святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі).

На што яшчэ спасылаюцца дзяржСМІ? «Шкварка News» — канал «смажаных фактаў», РПГ-27 — падборка мемаў. За расійскі парадак дня адказваюць канал журналіста Russia Today Канстанціна Прыдыбайлы і рэсурс «ИноСМИ» (ён пад крылом медыягрупы «Россия сегодня»).

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?