Пытанне аб статусе самаабвешчаных рэспублік Паўднёвая Асеція і Абхазія не з’яўляецца часткай дыялогу або ўмовай развіцця адносінаў Беларусі і Еўрасаюза.
Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Мінску і Кіеве Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 12 мая.
Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра |
Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва,
улады і народ Беларусі самастойна вырашаць, прызнаваць гэтыя краіны ці не.
Разам з тым, зазначыў дыпламат, той факт, што Беларусь «дагэтуль не прызнала незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, абнадзейвае». Тэйшэйра нагадаў, што Еўрасаюз «не прызнаў і не прызнае» незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.
Як раней паведамлялася, беларуская дэлегацыя на чале з кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Макеем знаходзіцца з двухдзённым візітам у Абхазіі. 12 мая яе прыняў прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш.
Паводле звестак прэс‑службы прэзідэнта Абхазіі, на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні абхаза‑беларускага супрацоўніцтва ў розных сферах.
У склад дэлегацыі таксама ўваходзіць першы намеснік кіраўніка спраў прэзідэнта Мікалай Корбут. Прозвішчы іншых членаў дэлегацыі не паведамляюцца.
У Адміністрацыі прэзідэнта і МЗС Беларусі гэты візіт не каментуюць.