7 лістапада ў Беларусі было затрымана не менш за 116 чалавек. Столькі імён затрыманых сабралі праваабаронцы «Вясны» і тэлеграм-канал @Spiski_Okrestina.
Большасць затрыманых склалі медыкі — у Мінску іх затрымалі 60.
Акрамя таго, на праспекце Незалежнасці ў Мінску затрымалі не менш за 34 жанчыны, якія гулялі з кветкамі або кляновым лісцем.
Сярод затрыманых у суботу — журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая, якая асвятляла сітуацыю ў цэнтры сталіцы.
А ўвечары ў Мінску адбылося чарговае паляванне на музыкаў, што выступаюць у мінскіх мікрараёнах. Былі затрыманыя вядомы саксафаніст Павел Аракелян і культавы беларускі музыка з афрыканскімі каранямі Андрусь Такінданг.
7 лістапада ў Брэсце затрыманы Пятро Папчанка. Паспеў даслаць смс «Мяне забралі», цяпер тэлефон недасяжны. Абставіны затрымання пакуль невядомыя.
Увечары ў Камянцы (Брэсцкая вобласць) затрымалі трох чалавек: Аксану Старун, Дзяніса Цалыха, Юлію Меліхаву.
У Магілёве затрыманы Пухаў Артур.
Такім чынам, усяго па стане на вечар 7 лістапада ў Беларусі за час пратэстаў адбылося, як мінімум, 16 829 затрыманняў (лічба няпоўная). Гэта самыя маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 40 гадоў.
Каментары