Нядаўна ў пары львоў Гродзенскага заапарка нарадзіўся малы. Але радасная падзея ледзь не завяршылася трагічна — праз 10 дзён ільвіца перастала карміць свайго малога. Клопат аб малым узяла на сябе ветэрынарная доктарка Алена Камарэц, піша Звязда.

Увогуле, нараджэнне нашчадка львоў стала сюрпрызам нават для саміх работнікаў заапарка. Напрыканцы верасня падчас абходу загадчыца секцыяй драпежных жывёл убачыла, што львіца ў вальеры не адна.

— Мы чакалі прыплод у мінулым годзе, калі наш леў Джоні праяўляў інтарэс да львіцы Пярсеі. Але тады нашчадак так і не з’явіўся. Мы падумалі, што гэта з-за ўзросту львіцы — усё ж такі ёй 11 гадоў, і яна яшчэ ні разу не была маці. Таму з’яўленне малышкі гэтай восенню стала для ўсіх сапраўдным шокам, і разам з тым вельмі радаснай падзеяй, — расказала Алена Камарэц.

Работнікі заапарку рабілі ўсё, каб забяспечыць адпаведны догляд, цішыню і спакой для маці і нованароджанай. Стараліся не турбаваць яе, гатавалі спецыяльную ежу. І ўсё ішло добра. Але праз 8—10 дзён у заапарку сталі заўважаць, што звераня не актыўнае, вялае, амаль не ўстае. З дапамогай відэаназірання ўстанавілі, што львіца папросту не корміць свайго малога. Было вырашана тэрмінова забраць яго ад маці і перавесці на штучнае кармленне.

А паколькі ва ўмовах заапарку забяспечыць кругласутачны нагляд немагчыма, ветэрынарка Алена Камарэц узяла на сябе абавязкі матулі і забрала малую да сябе ў кватэру. Звераня было вельмі галоднае, але трэба было даваць ежу паступова, пачалі карміць малочнай сумессю. Паступова ўвялі ў рацыён казінае малако і тварог, які самі і рабілі. Пазней прывучылі да звыклай ежы драпежнікаў — мяса. У кватэры ветэрынара звераня правяло некалькі тыдняў.

— Было шмат клопатаў, але зараз сітуацыя стабілізавалася, малая львіца нармальна стала есці, таму было вырашана вярнуць яе ў заапарк, — паведаміла суразмоўца. — Але для шырокага агляду яна недаступна. Мы самі стараемся яе наведваць паасобку, бо пры вялікай колькасці людзей малое палохаецца, выказвае нервовасць.

У новай насельніцы заапарка ўжо ёсць і свая мянушка — яе назвалі Джына. Гэта гучнае і кароткае імя, якое, па словах работнікаў заапарка, добра ўспрымаецца на слых. Джына даглядаецца згодна з графікам. Ёсць у яе і позняе вячэрняе кармленне, дзеля якога работнікі заапарка спецыяльна прыходзяць у 9—10 гадзін вечара.

Дарэчы, бацьку Джыны таксама гадавалі ў заапарку з двух месяцаў. Ён трапіў сюды вельмі слабым з перасоўнага заапарка. Яго доўга лячылі ад траўмаў і іншых хвароб. У Гродне ён ужо 8 год. А вось Пярсея прыбыла сюды ў аднагадовым узросце з Калінінградскага заапарка.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?